2016-02-06 11:55:00

Маскоўскі Патрыярхат: нязгоды трэба адкласці ў бок


Аб спатканні Пантыфіка і Патрыярха Маскоўскага казалі даўно, але цяпер узьнікла найважнейшая тэма для абмеркавання – пакуты хрысціян на Блізкім Усходзе, і супалі графікі, было прынята ўзаемнае рашэнне правесці гэтую сустрэчу, так пракаментаваў навіну старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Маскоўскага Патрыярхата Уладзімір Легойда.

“Гэтая сустрэча мае канкрэтную прычыну і цалкам пэўны змест: абмеркаванне той сітуацыі, у якой апынуліся хрысціяне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. І Руская Праваслаўная Царква, і Свяцейшы Патрыярх Кірыл, і Папа Францішак казалі пра гэтую праблему неаднаразова. Вельмі важна, што яны змогуць абмеркаваць дадзеную тэму асабіста. Мы разлічваем, што сустрэча дапаможа і прынясе плён у выглядзе вырашэння і паляпшэння гэтай цяжкай сітуацыі. Гэтак жа магу сказаць, што нашы пазіцыі шмат у чым блізкія ў тым, што тычыцца адстойвання ў сучасным свеце традыцыйных маральных каштоўнасцяў, сямейных каштоўнасцяў, біблійнага погляду на сям’ю. У гэтым сэнсе часта пазіцыі праваслаўных і католікаў вельмі блізкія”, - сказаў блізкі супрацоўнік Патрыярха Кірыла.

Уладзімір Легойда нагадаў пры гэтым, што да гэтага часу ў каталіцка-праваслаўных адносінах застаюцца нявырашаныя пытанні. “Праблема Уніі на дадзены момант не знятая. І Унія і дзеянні грэка-католікаў па-ранейшаму з’яўляюцца той праблемай, якая перашкаджае поўнай нармалізацыі адносін паміж нашымі Цэрквамі. Гэта я хацеў бы падкрэсліць. Але, тым не менш, тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, у Паўночнай і Цэнтральнай Афрыцы, у некаторых іншых рэгіёнах, дзе фактычна адбываецца знішчэнне хрысціянскага насельніцтва, патрабуе больш цеснага ўзаемадзеяння і неадкладных мер. Таму ўнутраныя нязгоды, якія захоўваюцца, трэба адкласці ў бок і аб’яднаць намаганні для таго, каб людзі, якія гінуць, не гінулі і не падвяргаліся ганенням”, - сказаў ён.

Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела лічыць, што падчас спаткання не можа ісці мовы аб ніякай спешцы; гэта будзе грунтоўная размова па тэмах, якія хвалююць усіх хрысціян свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.