2016-02-05 14:24:00

Францішак заклікаў да пакорлівасці на ўзор Яна Хрысціцеля


“Найвялікшы” з людзей, “справядлівы і святы”, які рыхтаваў народ да прыйсця Збаўцы, памёр у самоце, у цёмнай вязніцы, абезгалоўлены з-за помслівай нянавісці, так Святы Айцец пракаментаваў урывак з Евангелля, што распавядае пра смерць Яна Хрысціцеля, 5 лютага 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Аднак такім чынам “Бог перамагае”, сцвердзіў Францішак.

Пантыфік паспрабаваў зазірнуць у душу Яна Хрысціцеля – “найвялікшага з людзей, народжанага ад жанчыны”, голасу на пустыні, таго, хто хрысціў натоўпы ў імя Месіі, які, аднак, апынуўся ў вязніцы, у тым ліку ў вязніцы сваіх сумніваў: “Магчыма, я памыліўся? Я падмануў народ?”. Ад такіх думак, адзначыў Францішак, пакутаваў гэты чалавек.

“Прынізіцца, прынізіцца, прынізіцца”, - такім было жыццё Яна, сказаў Святы Айцец. “Вялікі чалавек, які шукаў не сваёй хвалы, але Божай” і які памёр так “празаічна, незаўважна”. Менавіта такімі паводзінамі, заключыў Пантыфік, ён “падрыхтаваў дарогу Хрысту”, які таксама памёр “у турбоце, самотны, без сваіх вучняў”.

Святы Айцец заклікаў уважліва прачытаць гэты ўрывак з Евангелля паводле Марка (Мк 6, 14-29), каб убачыць Божую перамогу, прасіць аб ласцы сціпласці, якой вызначаўся святы Ян, і ніколі не прыпісваць сабе заслуг іншых. Аднак асаблівым чынам прасіць Бога, каб у нашым жыцці было месца для Хрыста і каб мы заўсёды імкнуліся да пакорлівасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.