2016-02-03 14:38:00

Францішак даў інтэрв’ю перад мексіканскім падарожжам


Духоўнае абнаўленне, барацьба з карупцыяй і насіллем, прыхільнасць дыялогу і міру – гэта асноўныя тэмы інтэрв’ю Францішка мексіканскаму інфармацыйнаму агенцтву “Notimex”, якое з’явілася за некалькі дзён да яго апостальскага падарожжа ў Мексіку, запланаванага на 12-18 лютага 2016 г. Прычым, пытанні Пантыфіку агенцтва папрасіла задаць некалькіх мексіканцаў.

“У Мексіцы я жадаю быць прыладай міру”, - прызнаўся Францішак і сказаў, што хоча маліцца разам з мексіканцамі за вырашэнне праблем насілля і карупцыі, гандлю людзьмі і арганізаванай злачыннасці. За гэта трэба змагацца штодня, лічыць ён.

Сённяшняе мексіканскае грамадства патрабуе спакою, пабудаванага на пяшчоце і разуменні. “Дыялог” тут павінен стаць “ключавым словам”. Ён павінен адбывацца як паміж палітыкамі, так і простымі грамадзянамі. Мы павінны размаўляць і слухаць аргументы іншых, падзяліўся сваім меркаваннем Папа. У інтэрв’ю Францішак некалькі разоў спаслаўся на Маці Божую Гвадэлупскую і выказаў упэўненасць, што менавіта ў яе мексіканцы павінны прасіць дапамогі і апекі.

Святы Айцец лічыць, што Мексіка патрабуе “духоўнага абнаўлення”. Падставай для яго павінна стаць вера. “Наша вера – гэта не вера з музея. Касцёл – гэта не музей. Наша вера нарадзілася з кантакту, дыялогу з Езусам”, - нагадаў ён і дадаў, што з гэтай верай трэба “выходзіць на вуліцы”, і “не толькі для працэсій”, але і для сведчання “на працоўным месцы, у школе, у сям’і”.

Пантыфік прызнаўся, што едзе ў Мексіку хутчэй, “як пілігрым, каб спаткаць мексіканскі народ” і “заразіцца” ад яго багаццем веры. Ён нагадаў, што людзі ў гэтай краіне ніколі не павінны адчуваць сябе сіротамі, таму што маюць Маці Божую Гвадэлупскую. На заканчэнне Францішак пажартаваў, прыгадаўшы мясцовую прымаўку, што нават кожны мексіканскі атэіст з’яўляецца шанавальнікам Гвадэлупскай Мадонны.








All the contents on this site are copyrighted ©.