2016-02-02 18:09:00

Францішак супраць абстрактнасці харызматаў


2 лютага 2016 г. папа Францішак узначаліў св. Імшу з нагоды Дня кансэкраванага жыцця. У літургіі, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы, прынялі ўдзел тысячы законнікаў і законніц з розных краін свету. Яны сабраліся ў Рыме на некалькі дзён раней, каб прыняць удзел у завяршальных мерапрыемствах Году кансэкраванага жыцця, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 30 лістапада 2014 г.

У сваёй гаміліі Святы Айцец заўважыў, што Дзень кансэкраванага жыцця традыцыйна адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана. Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі яно яшчэ называецца “святам сустрэчы”. У сувязі з гэтым Папа падкрэсліў, што кансэкраваныя асобы павінны быць людзьмі адкрытымі на сустрэчу з іншымі, а для гэтага важна быць адкрытымі на сустрэчу з Богам.

Францішак нагадаў, што Бог, дзеля сустрэчы з людзьмі, прыняў іх аблічча ў сваім Сыне, Езусе Хрысце. Ён не застаўся па-за драмай чалавека, пажадаў падзяліць яго жыццё. Кансэкраваныя асобы пакліканы быць жывым знакам гэтай блізкасці Бога да людзей нашай эпохі, асабліва самых бедных і пакутуючых.

Пантыфіка запрасіў іх захаваць пачуццё захаплення ад сустрэчы з Панам і папярэдзіў аб шкоднасці прызвычаенасці ў духоўным жыцці, “крышталізацыі” харызматаў у абстрактную дактрыну. “Нашы заснавальнікі, вядомыя Духам, не баяліся запэцкаць рукі штодзённым жыццём, праблемамі людзей, з адвагай праходзячы праз геаграфічныя і экзістэнцыйныя перыферыі. Не спыніліся перад перашкодамі і незразуменнем з боку іншых, бо захоўвалі захапленне сустрэчай з Хрыстом”, - сказаў Папа. Ён заклікаў кансэкраваных асоб дзякаваць Богу за дар свайго паклікання.








All the contents on this site are copyrighted ©.