2016-02-02 16:02:00

Папа падкрэсліў веліч культуры і мудрасці Кітаю


Папа Францішак даў вялікае інтэрв’ю “Asia Times”, грамадска-палітычнаму інтэрнэт-выданню, зарэгістраванаму ў Ганконгу. Пантыфік выказаў захапленне культурай і невычэрпнай мудрасцю Кітая. “Трэба прызнаць веліч кітайскага народу, які заўсёды захоўваў сваю культуру”, - сказаў Папа і ўдакладніў: “Я не гавару пра ідэалогіі”.

Францішак з гумарам узгадаў пра тое, што менавіта з Кітаю былі завезены у Італію спагецці. Ён таксама падкрэсліў, што меў магчымасць знаходзіцца ў паветранай прасторы краіны падчас свайго падарожжа ў Шры-Ланку і на Філіпіны ў студзені 2015 г.

Святы Айцец нагадаў пра каштоўны прыклад каталіцкага місіянера Матэа Рычы, які ў XVI ст. распаўсюджваў Евангелле на тэрыторыі Кітая і навучыў неабходнасці дыялогу ў адносінах з гэтай краінай. Францішак заўважыў, у той жа час, што весці дыялог, азначае не сыходжанне на шлях кампрамісаў, а сумеснае стварэнне і будаванне.

Паводле Пантыфіка, механізмы самаабароны і агрэсіўная пазіцыя могуць прывесці да войнаў. Ён перакананы, што Кітай можа зрабіць важны ўнёсак ва ўмацаванне мірнай раўнавагі ў свеце. “Заходні свет, усходні свет, Кітай – усе маюць магчымасць захоўваць мірную раўнавагу і сілу ажыццяўляць гэта. Мы павінны знайсці шлях. Заўсёды праз дыялог, бо іншага няма”.

Францішак лічыць, што ў свеце не павінна быць падзелу на зоны ўплыву з пазіцыі сілы. Гэта тое, што “адбылося ў Ялце і мы бачылі вынікі гэтага”, сказаў ён. Ялцінская перспектыва, паводле Святога Айца, заключаецца ў “раздзяленні торту”, якім з’яўляюцца чалавецтва і культуры, на маленькія часткі.

Кітайскую палітыку “адзінага дзіцяці” Пантыфік назваў “балючым пытаннем”. Ён заклікаў кітайскі народ “прымірыцца са сваёй гісторыяй, сваімі дасягненнямі і памылкамі”, бо гэта вядзе да “сталасці і росту”. “Гэта здаровая прыкмета, калі народ мае міласэрнасць у адносінах да самога сябе”, гэта “шляхетнасць душы”, якая “дазваляе ўсміхацца і крочыць наперад”.

Пантыфік пераказаў віншаванні народу і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну з нагоды кітайскага Новага году, які будзе адзначацца 8 лютага.








All the contents on this site are copyrighted ©.