2016-01-30 12:52:00

Ватыканскі кардынал крытычна пра сучасную Еўропу


Еўропа стала занадта эгаістычнай, заўважыў старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў кардынал Антоніа Марыя Вэльё, каментуючы трагічную статыстыку смяротных выпадкаў сярод мігрантаў, якія спрабуюць патрапіць на еўрапейскі кантынент праз Міжземнае мора. Толькі за першы месяц 2016 г. тут загінулі больш за 200 чалавек.

Паводле слоў ватыканскага іерарха , сучасная Еўропа згубіла былую гасціннасць і адкрытасць на людзей. “Яна вельмі закрылася ў сабе, стала занадта эгаістычнай і стварае ўражанне вельмі стомленнага кантынента”, - сказаў ён. Пурпурат крытычна выказаўся у адрас некаторых скандынаўскіх краін, гатовых выслаць вялікую колькасць мігрантаў і нават пазбавіць іх усіх матэрыяльных дабротаў. “Гэта не еўрапейскі адказ, які сёння дае Еўропа”, - дадаў кардынал Вельё.

Іерарх заўважыў, што большасць мігрантаў імкнецца ў Еўропу не ад добрага жыцця. Яны пакідаюць свае краіны без радасці. Гэтыя людзі вымушаны пакінуць уласных сяброў, працу. Сем’і раздзяляюцца, трацяцца вялікія грошы, людзі начуюць на снезе і перад імі ўзводзяцца муры, заўважыў ён. Пурпурат заклікаў знайсці вырашэнне існуючай праблемы і аднесціся да бежанцаў і мігрантаў па-хрысціянску.








All the contents on this site are copyrighted ©.