2016-01-29 12:33:00

Папа пра мяжу паміж грэшнасцю і карумпаванасцю


Просім Бога, каб слабасць, якая вядзе да граху, ніколі не ператваралася ў карумпаванасць, заклікаў папа Францішак 29 студзеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты. На прыкладзе біблійнай гісторыі пра Давіда і Бэтшэбу Пантыфік паказаў, наколькі хабарнікі, у адрозненні ад іншых грэшнікаў, не адчуваюць неабходнасці Божага прабачэння – ім дастаткова магутнасці карупцыі.

Такімі, па словах Святога Айца, з’яўляюцца паводзіны караля Давіда, які закахаўся ў Бэтшэбу, жонку свайго вайскоўца Урыя, зграшыў з ёй і, даведаўшыся аб цяжарнасці жанчыны, прыдумаў план, як утаіць праўду і пазбавіцца Урыя: “Раніцай Давід напісаў ліст да Ёава і паслаў яго праз Урыю. У лісце напісаў: Пастаўце Урыю ў першых шэрагах, дзе будзе самы гарачы бой, і адступіце ад яго, каб яго забілі і ён памёр” (2 Сам 11). “Гэты мужчына – верны закону, верны свайму народу, верны свайму цару – быў асуджаны на смерць”, - дадаў Францішак.

Па словах Папы, Давід быў святым, аднак і грэшнікам. Ён паддаўся пажадлівасці, нягледзячы на моцную любоў Бога да яго. І менавіта з-за адчування сваёй улады, ён, учыніўшы грэх, застаўся ўпэўненым у сабе і выкарыстаў усе даступныя яму сродкі, каб захаваць свой учынак у тайне праз забойства чалавека. “Гэта і быў момант, калі грэх пераўтварыўся ў карупцыю, – патлумачыў Францішак. – Давід зрабіў першы крок у бок карупцыі, бо меў уладу і моц. Менавіта таму карупцыя – грэх, якому лягчэй за ўсё паддацца чалавеку, які мае ўладу, рэлігійную, эканамічную або палітычную”. 

Святы Айцец перасцярог ад гэтай небяспекі, калі, адчуваючы моцную ўпэўненасць у сваіх сілах, мы не заўважаем, як грэх перастае быць грахом і становіцца карупцыяй. Францішак заклікаў вернікаў маліцца і прасіць Бога, каб ніколі не ператварыцца ў карупцыянераў, якія не жадаюць Божага прабачэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.