2016-01-28 13:33:00

Францішак прыняў Прэзідэнта Тагалезскай Рэспублікі


28 студзеня 2016 г. Папа прыняў у Ватыкане Прэзідэнта Тагалезскай Рэспублікі Фор Эсазімна Гнасінгбэ. Пазней палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычар Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

У заяве Залы Друку Апостальскай Сталіцы гаворыцца, што “падчас сардэчных размоў была падкрэслена наяўнасць добрых адносін паміж Святым Пасадам і Тога, а таксама перспектывы іх далейшага ўмацавання”. Акрамя таго, быў пацверджаны ўклад католікаў у развіццё краіны і інтэгральнае развіццё тагалезскага народу, асабліва ў галіне адукацыі. Таксама размова ішла пра некаторыя праблемы, якія стаяць перад краінамі Заходняй Афрыкі і раёнам на поўдзень ад Сахары, “падкрэсліваючы неабходнасць сумеснай прыхільнасці да бяспекі і міру ў рэгіёне”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Фор Эсазімна Гнасінгбэ ўступіў на пасаду 7 красавіка 2005 г., спачатку ў якасці часовага Прэзідэнта краіны, а 24 красавіка ўжо афіцыйна стаў кіраўніком дзяржавы. 25 красавіка 2015 г. пачаўся яго трэці тэрмін на гэтай пасадзе. 8 красавіка 2006 г. і 19 студзеня 2008 г. яго прымаў у Ватыкане Бэнэдыкт XVI. Цяперашні кіраўнік Тога з’яўляецца сынам папярэдняга Прэзідэнта Эцьена Эйадэмі Гнасінгбэ, які займаў пасаду на працягу 38 гадоў, аж да сваёй смерці ў красавіку 2005 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.