2016-01-28 16:37:00

Папа прыняў на аўдыенцыі Леанарда Дзі Капрыа


“Акцёр і абаронца навакольнага асяроддзя”, - менавіта так акрэсліў сябе на афіцыйнай старонцы ў “Твітэр” зорка амерыканскага кіно Леанарда Дзі Капрыа, якога 28 студзеня 2016 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане папа Францішак. Знакаміты сваёй дзейнасцю ў галіне экалогіі акцёр пажадаў сустрэцца з Пантыфікам, якога лічыць вялікім аўтарытэтам у гэтай сферы, асабліва пасля публікацыі энцыклікі “Laudato si’”.

У снежні 2015 г. Дзі Капрыа выступіў на Міжнароднай канферэнцыі па клімаце, якая праходзіла ў Парыжы, а 19 студзеня 2016 г. на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, падчас якога атрымаў прэмію “Crystal Award” за ўклад у абарону навакольнага асяроддзя.

Як паведаміў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, аўдыенцыя адбылася па просьбе акцёра і ніяк афіцыйна не асвятлялася. “Дзі Капрыа шмат займаецца праектамі па ахове навакольнага асяроддзя і звярнуўся з просьбай аб сустрэчы з Папам, якому таксама блізкая гэтая тэма”, - сказаў кс. Ламбардзі, нагадаўшы, што праблемы экалогіі былі ў цэнтры апошняй энцыклікі Пантыфіка “Laudato si’”. 

Дзі Капрыа, адзін з самых папулярных і высокааплатных акцёраў Галівуда, актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю ў галіне абароны навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.