2016-01-27 13:29:00

Святы Пасад пра блізкаўсходняе ўрэгуляванне


Прадстаўнік Святога Пасаду 26 студзеня 2016 г. прыняў удзел у адкрытым абмеркаванні сітуацыі на Блізкім Усходзе і палестынскага пытання, якое прайшло ў Нью-Ёрку ў рамках пасяджэння Савета Бяспекі ААН. Арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на “тупіковую сітуацыю”, у якую зайшоў мірны працэс паміж ізраільцянамі і палестынцамі, і падкрэсліў, што ён можа рухацца наперад толькі пры ўмове прамых перамоў паміж бакамі, з моцнай падтрымкай міжнароднай супольнасці. Гэта, вядома, патрабуе адважных рашэнняў з абодвух бакоў і справядлівых узаемных саступак. Але дадзенаму варыянту няма ніякай альтэрнатывы, адначыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і спаслаўся на нядаўнюю прамову Францішка да дыпкорпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

Іерарх узгадаў таксама Усёабдымнае пагадненне, падпісанае паміж Святым Пасадам і Дзяржавай Палестына ў 2015 г., якое ўступіла ў сілу 2 студзеня 2016 г. Яно тычыцца жыцця і дзейнасці Касцёла ў Палестыне. “У складанай рэальнасці на Блізкім Усходзе, калі ў некаторых краінах хрысціяне падвяргаюцца пераследам, Святы Пасад спадзяецца, што Пагадненне можа служыць у якасці прыкладу дыялога і супрацоўніцтва, у прыватнасці, для іншых арабскіх краін з мусульманскай большасцю”, - сказаў ён.

Арцыбіскуп з жалем нагадаў, што ўжо амаль пяць гадоў працягваецца канфлікт у Сірыі. Умяшанне ў яго замежных баевікоў прывяло да ўзмацнення насілля і пераследу рэлігійных і этнічных меншасцяў. Дэлегацыя Святога Пасаду чарговы раз звярнулася да ўсіх, каго гэта тычыцца, спыніць паток зброі ў рэгіён і актывізаваць гуманітарную дзейнасць, каб дапамагчы сірыйцам заставацца ў сваёй краіне, дзякуючы дастатковай колькасці харчавання, медыкаментаў, вады, электраэнергіі, доступу да адукацыі, і ўсяму таму, што неабходна для стабільнага і бяспечнага жыцця на іх радзіме.

Святы Пасад выказаў падтрымку рэзалюцыі Савета Бяспекі, у якой утрымліваецца заклік да суверэнітэту, незалежнасці, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыйскай Арабскай Рэспублікі і да палітычнага ўрэгуляванні канфлікту ў краіне. Арцыбіскуп Ауса заявіў пра вялікія спадзяванні Апостальскай Сталіцы ў сувязі з перамовамі, запланаванымі ў Жэневе ў канцы гэтага тыдня. Яны, на думку ватыканскай дыпламатыі, з’яўляюцца шанцам на стабільны і трывалы мір у Сірыі і рэгіёне. Таксама Святы Пасад разлічвае на лютаўскую Чацвёртую Гуманітарную Канферэнцыю, у надзеі, што на ёй будуць прыняты рашэнні, якія аблегчаць пакуты народаў у рэгіёне і ўнясуць уклад ва ўсёабдымнае ўрэгуляванне канфлікту.








All the contents on this site are copyrighted ©.