2016-01-27 12:18:00

Папа запрасіў работнікаў дабрачыннай сферы на рэкалекцыі


Святы Айцец Францішак запрасіў асоб і групы, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю ў Касцёле, прыняць удзел у духоўных практыкаваннях. З такой ініцыятывай, з нагоды Юбілею Міласэрнасці, выступіла Папская рада “Cor Unum”. 

Ватыканская дыкастэрыя прапанавала, каб для рэкалекцый, якія павінны прайсці ў Вялікім посце, на мясцовым узроўні быў абраны адмысловы дзень, які “стане нагодай для разважання аб пакліканні да міласэрнасці, на ўзор Айца”. 

“Запрашаю прыняць гэту прапанову, выкарыстоўваючы ўказанні і матэрыялы, падрыхтаваныя Папскай радай “Cor Unum”, - заклікаў Папа 27 студзеня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Папская рада “Cor Unum” прапанавала, каб духоўныя практыкаванні складаліся з трох этапаў: пакутнага набажэнства з магчымасцю споведзі, дзялення з групай сваім досведам жыцця ў служэнні і адносінамі да працы, а таксама св. Імшы. Матэрыялы па правядзенні рэкалекцыйнага дня былі разасланы ватыканскай дыкастэрыяй ва ўсе дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.