2016-01-25 14:18:00

Святы Айцец даў парады семінарыстам


25 студзеня 2016 г. Святы Айцец сустрэўся з семінарыстамі і выкладчыкамі Папскай ламбардскай семінарыі імя св. Амброзія і св. Карла ў Рыме – установы, дзе вучацца семінарысты пераважна з паўночнаітальянскіх рэгіёнаў. Аўдыенцыя была прымеркавана да 50-годдзя ўрачыстага адкрыцця новага будынку семінарыі.

Святы Айцец заўважыў, што душпастыры нярэдка сустракаюцца са спакусай так званага “нармальнага жыцця”: шукаюць задавальнення ва ўвазе з боку людзей, судзяць аб сваім служэнні з пункту гледжання поспехаў... “Нармальнасцю” для святароў, аднак, з’яўляецца “душпастырская святасць, дар жыцця”, - падкрэсліў Папа. “Калі святар вырашае быць толькі нармальнай асобай, ён становіцца павярхоўным святаром, ці нават яшчэ горш”,-  дадаў ён.  

Францішак заклікаў семінарыстаў быць слугамі Божымі і айцамі для людзей, асабліва для бедных, знаходзіцца ў пастаянным дыялогу з Богам і Яго словам. Трэба, каб малітоўная, культурная і душпастрыская падрыхтоўка ішлі побач, каб святары былі “духоўнымі асобамі і міласэрнымі пастырамі”, здольнымі распаўсюджваць радасць Евангелля і прастату жыцця. Папа папярэдзіў аб недапушчальнасці “двайнога жыцця і марнасці” святароў. Ён заклікаў “прапаведваць не складаныя дысцыпліны, але Хрыста, памерлага і ўваскрослага для нас”.

Неад’емным, паводле Францішка, з’яўляецца таксама пастаянны кантакт святара са сваім біскупам. “Святар, які не мае трывалага кантакту са сваім біскупам, паступова ізалюецца ад дыяцэзіяльнага цела і яго плённасць памяншаецца, менавіта таму, што не вядзе дыялогу з Айцом дыяцэзіі”, - лічыць Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.