2016-01-25 13:07:00

Завяршэнне Года кансэкраванага жыцця з удзелам Папы


З 28 студзеня па 2 лютага 2016 г. у Рыме будуць праходзіць завяршальныя мерапрыемствы Года кансэкраванага жыцця, які працягваўся ў Каталіцкім Касцёле з 30 лістапада 2014 г. У іх прымуць удзел каля 4 тыс. законнікаў і законніц з розных краін свету. 

Усё пачнецца 28 студзеня з малітоўнага чування ў базыліцы св. Пятра. 29 студзеня кансэкраваныя асобы сустрэнуцца на канферэнцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. 30-31 студзеня яны, у пяці групах, паразважаюць аб адмысловых аспектах уласнага паклікання. 1 лютага ўдзельнікі, ужо разам, збяруцца ў Ватыкане, дзе спаткаюцца з папам Францішкам і паслухаюць араторыю “Па слядах Прыгажосці”, якую выканае хор пад кіраўніцтвам італьянскага святара і кампазітара Марка Фрызіны.

У Дзень кансэкраванага жыцця – 2 лютага – законнікі і законніцы з усяго свету здзейсняць Юбілейную пілігрымку, прайшоўшы праз Святыя Дзверы ватыканскай базылікі. Вечарам гэтага дня яны сустрэнуцца на Эўхарыстыі, якую ўзначаліць Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.