2016-01-24 13:53:00

Пантыфік выказаў жаданне наведаць Калумбію


Папа Францішак паабяцаў наведаць Калумбію, распавёў старшыня епіскапату гэтай краіны арцыбіскуп Луіс Аўгуста Кастра. Іерарх знаходзіцца з візітам у Рыме і пасля сустрэчы са Святы Айцом абвясціў аб жаданні Пантыфіка здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Калумбію ў першай палове 2017 года. Афіцыйнага пацвярджэння гэтага рашэння Папы з боку Залы Друку Святога Пасаду яшчэ не паступіла.

Паводле слоў калумбійскага іерарха, візіт Францішка можа паспрыяць умацаванню міра ў краіне і прымірэння паміж ўрадам і паўстанцамі Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (ФАРК), канфлікт паміж якімі працягваецца ўжо паўстагоддзя. Мірныя перамовы паміж імі трываюць зараз і візіт Святога Айца не залежыць ад іх выніку, падкрэсліў арцыбіскуп Кастра.

Паведамленне аб жаданні Пантыфіка наведаць Калумбію было станоўча сустрэта кіраўніцтвам гэтай лацінаамерыканскай краіны. Яе Прэзідэнт, Хуан Мануэль Сантас, праз свой акаунт у “Твітэры”, адзначыў, што Калумбія прыме Папу “з энтузіязмам і ў міры”.








All the contents on this site are copyrighted ©.