2016-01-23 12:02:00

Святы Пасад у АБСЕ пра важнасць памяці ахвяр Халакосту


Успамін пра Халакост, а таксама знішчэнне цыган і іншых груп людзей, заклікае да больш глыбокай пашаны да годнасці кожнага чалавека, адзначыў кс. прэлат Януш Урбанчык, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, у ходзе сустрэчы, прымеркаванай да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, які будзе адзначацца 27 студзеня. 

Пасяджэнне прайшло ў штаб-кватэры АБСЕ ў Вене. Звяртаючыся да яго удзельнікаў, прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што Халакост нагадвае аб тым, што вынікам непрызнання ўсіх людзей часткай адной сям’і і закрытасці перад бліжнімі і чужынцамі можа стаць дэгуманізацыя. 

Памяць пра халакост, паводле ватыканскага дыпламата, працягвае заклікаць да рашучай адмовы ад ідэалогій, якія пагарджаюць чалавечай годнасцю. Сёння, з аднаго боку, існуе выкарыстанне Божага імя для апраўднання насілля супраць нявінных людзей, а з іншага – цынізм, які дэманструе пагарду да Бога і высмейвае веру ў Яго, заўважыў святар. Паводле яго слоў, натуральная годнасць кожнага чалавека – гэта тая прычына, па якой ніводзін рэжым ці ідэалогія не могуць ставіць адных людзей вышэй за іншых.

Узгадваючы пра 50-годдзе дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора “Nostra Aetate” пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій, кс. Урбанчык падкрэсліў, што Апостальская Сталіца рашуча намерана працягваць сваю дзейнасць, накіраваную супраць любых форм антысемізма. Напрыканцы сваёй прамовы ён нагадаў словы папы Францішка, прамоўленыя падчас візіту ў рымскую сінагогу пра “шэсць мільёнаў людзей, якія толькі па прычыне сваёй прыналежнасці да яўрэйскага народа, сталі ахвярамі самага бесчалавечнага варварства, здзейсненага ў імя ідэалогіі, што хацела замяніць Бога чалавекам” і пра “мінулае, якое павінна служыць урокам для сучаснасці і будучыні”.








All the contents on this site are copyrighted ©.