2016-01-22 12:16:00

Святы Айцец пра галоўныя заданні біскупаў


Заданнем біскупаў з’яўляецца малітва і абвяшчэнне ўваскрасення Езуса, а абавязкам вернікаў – малітоўная падтрымка ўласных біскупаў. Калі біскуп не моліцца і не абвяшчае Евангелле, а займаецца іншымі справамі – народ Божы пакутуе, сказаў папа Францішак 22 студзеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. 

Каментуючы евангельскі тэкст пра абранне Езусам дванаццаці апосталаў, Пантыфік заўважыў, што яны з’яўляліся першымі біскупамі. Пасля смерці Юды, быў абраны Мацвей – гэта было першае біскупскае пасвячэнне ў Касцёле, адзначыў Папа. Ён нагадаў, што біскупы з’яўляюцца “стаўпамі Касцёла”, пакліканымі быць сведкамі ўваскрасення Хрыста.

“Мы біскупы маем гэту адказнасць – быць сведкамі: сведкамі таго, што Пан Езус жывы, што Пан Езус уваскрос, што Пан Езус крочыць з намі, што Пан Езус нас збаўляе, што Пан Езус даў сваё жыццё за нас, што Пан Езус – гэта наша надзея, што Пан Езус нас заўсёды прымае і прабачае. Сведчанне. Наша жыццё павінны быць сведчаннем. Сапраўдным сведчаннем пра ўваскрасенне Хрыста”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што першы абавязак біскупа заключаецца ў малітве, а не, напрыклад, у стварэнні душпастырскіх планаў. Другое заданне, паводле слоў Францішка, заключаецца ў сведчанні, прапаведванні збаўлення прынесенага Хрыстом. Гэтыя два заданні нялёгкія, але менавіта яны робяць моцнымі стаўпы Касцёла. Калі біскупы не моляцца і не даюць сведчання, Касцёл слабее і пакутуе, падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што Касцёл не можа ісці наперад без біскупа. Таму заданнем вернікаў з’яўляецца іх малітоўная падтрымка. Папа параўнаў яго з абавязкам дзяцей і братоў перад бацькам. Ён заклікаў вернікаў ад усяго сэрца маліцца за сваіх біскупаў, каб Пан клапаціўся пра іх, каб паслаў біскупаў, якія будуць сапраўднымі сведкамі, каб былі біскупамі, якія моляцца, дапамагаюць разумець Евангелле і разумець, што Бог жывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.