2016-01-22 14:05:00

Папа: сям’я не павінна блытацца з іншымі відамі саюзаў


Сям’я не павінна блытацца з рознымі іншымі відамі саюзаў, адзначыў папа Францішак у сваёй прамове на пачатак новага судовага году ў Трыбунале Рымскай Роты – ватыканскай судовай установе ў кампетэнцыі якой, між іншым, знаходзіцца прыняцце рашэнняў аб прызнанні сапраўднасці ці несапраўднасці сужэнстваў. Святы Айцец сустрэўся з яе супрацоўнікамі 22 студзеня 2016 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Адным з плёнаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які прайшоў на працягу двух мінулых гадоў, Папа назваў тое, што Касцёл – між іншым – указаў свету, “што не можа быць блытання паміж сям’ёй, пажаданай Богам, з рознымі іншымі відамі саюзаў”.

Францішак нагадаў, што Пій ХІІ называў Трыбунал Рымскай Роты “Трыбуналам сям’і”. Ён звярнуў увагу на іншую прэрагатыву гэтай структуры, назваўшы яе “Трыбуналам праўды аб сакральнай сувязі”. Гэтыя два аспекты – узаемадапаўняльныя, падкрэсліў Пантыфік. Касцёл павінен прадэманстраваць “міласэрную любоў Бога да сем’яў, асабліва параненых грахом і жыццёвымі выпрабаваннямі” праз абвяшчэнне “праўды аб сужэнстве, згодна з задумай Бога” і нават больш за тое – згодна з “марай Бога”, сказаў ён.

Папа нагадаў, што і Касцёл і сям’я суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго яго існавання. Калі сям’ю можна назваць “хатнім Касцёлам”, то Касцёл – “Божай сям’ёй”, падкрэсліў Пантыфік. Ён дадаў, што сямейны дух з’яўляецца “канстытуцыйнай хартыяй для Касцёла”. Менавіта такім павінна быць і прадставаць перад людзьмі хрысціянства, лічыць Папа.

У апошняй частцы сваёй прамовы Францішак падкрэсліў, што ласка хросту працягвае таямнічым чынам уплываць на душу, нават калі вера не была развіта і псіхалагічна здаецца, што яна адсутнічае. Нярэдка здараецца так, што будучыя сужонкі, хоць у момант заключэння сужэнства мелі абмежаванае ўсведамленне паўнаты задумы Божай, у сужэнскім жыцці “адкрываюць усё тое, што Бог Стварыцель і Адкупіцель устанавіў для іх”. Непарыўнае сужэнства, такім чынам, трэба прапановаць не ў якасці ідэалу для некаторых выбраных, але ў якасці рэальнасці, даступнай усім ахрышчаным. Папа заклікаў да паглыбленай падрыхтоўкі людзей да сакрамэнту сужэнства, якую назваў “новым катэхуменатам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.