2016-01-22 15:12:00

Папа сустрэўся з Прэзідэнтам Садружнасці Дамінікі


22 студзеня 2016 г. у ватыканскім Апостальскім палацы Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Садружнасці Дамінікі Чарльза Анджэла Саварына. Пасля размовы з Пантыфікам кіраўнік астраўной дзяржавы сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і Сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам.

Падчас сардэчнай размовы быў адзначаны станоўчы характар двухбаковых адносін, а таксама наяўнасць спрыяльных умоў для плённага супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у Садружнасці Дамінікі, які бароніць чалавечую годнасць і робіць значны ўнёсак у працэс адукацыі моладзі і дапамогі людзям у патрэбе.

У ходзе дыялогу быў узняты шэраг пытанняў рэгіянальнага і сусветнага характару. Асаблівую ўвагу суразмоўцы ўдзялілі тэме аховы навакольнага асяроддзя, а таксама праблеме кліматычных змен і прыродных катастроф, якія наносяць вялікі ўрон востраву Дамініка і павялічваюць колькасць ахвяр сярод яго насельніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.