2016-01-22 12:50:00

Пантыфік: злучыць камунікацыю і міласэрнасць


Камунікацыя павінна будаваць масты, загойваць раны і дакранацца да чалавечых сэрцаў, адзначыў папа Францішак у сваім пасланні з нагоды 50-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які сёлета пройдзе на тэму: “Камунікацыя і Міласэрнасць: плённая сустрэча”. Пантыфік заклікаў хрысціян распаўсюджваць праўду з любоўю, не асуджаючы людзей. Ён пажадаў, каб і сацыяльныя сеткі сталі месцамі міласэрнасці, у якіх маглі б развівацца адносіны і дзяленне паміж людзьмі.

“Тое, што кажам і як кажам, кожнае слова і кожны жэст павінны выражаць спагаду, пяшчотнасці і прабачэнне Бога да ўсіх”, - напісаў Святы Айцец. Ён перакананы, што у сферы камунікацыі неабходна “выходзіць з заганнага кола крытыкі і помсты, у якое працягваюць трапляць асобныя людзі і нацыі”. Пантыфік заклікаў да адказнасці ў выказваннях палітыкаў і дыпламатаў. Іх мова таксама павінна быць натхнёнай міласэрнасцю. Францішак перасцярог, што вельмі лёгка паддацца спакусе падпітваць вогнішча “недаверу, страху, нянавісці”. Менавіта таму трэба мець мужнасць, каб “накіроўваць людзей у бок прымірэння”.

Стыль адносін павінен падпарадкоўвацца прынцыпу неаддзялення грэшнікаў ад праведнікаў. Папа перакананы, што “мы можам і павінны асуджаць сітуацыі граху”, але “не можам асуджаць людзей, бо толькі Бог можа чытаць чалавечыя сэрцы”.

Засяродзіўся Святы Айцец і на адносінах унутры сям’і, якія павінны вызначацца суперажываннем,а значыць, уменнем слухаць. “Слухаць, азначае быць здольнымі падзяляць патрэбы і клопаты, ісці побач, пазбаўляцца саманадзейнасці і пакорліва накіроўваць свае здольнасці на служэнне ўсеагульнаму дабрабыту”, - напісаў Папа. Ён назваў уменне слухаць “вялікім дарам, аб якім неабходна прасіць і які потым трэба практыкаваць”.

Таксама і адносіны пасродкам электроннай пошты, смс-паведамленняў, сацыяльных сетак могуць быць шчырымі, што вызначаецца не тэхналогіямі, але сэрцам чалавека. Развіццё камунікацыі, заключыў Пантыфік, з’яўляецца дарам Божым, аднак патрабуе ад чалавецтва вялікай адказнасці. Сустрэча камунікацыі з міласэрнасцю будзе плённай настолькі, наколькі будзе ствараць блізкасць. “У падзеленым, фрагментарным, палярызаваным свеце размаўляць міласэрна азначае ствараць шчырую, свабодную і салідарную блізкасць у адносінах паміж Божымі дзецьмі”, - заключыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.