2016-01-21 12:40:00

Пантыфік: зайздрасць і нянавісць – гэта хваробы


Падчас ранішняй Эўхарыстыі 21 студзеня 2016 г. у Ватыкане папа Францішак маліўся, каб Бог захаваў хрысціянскія супольнасці ад грахоў зайздрасці і нянавісці. Пантыфік нагадаў біблійную гісторыю канфлікту паміж Саўлам і Давідам, які паўстаў па прычыне зайдрасці. Саўл пачаў гледзяць з падазронасцю на Давіда і нават думаў забіць яго. Паслухаўшы парады свайго сына, ён перадумаў, але затым зноў вярнуўся да гэтай ідэі. Зайздрасць – гэта хвароба, якая вяртаецца і прыводзіць да нянасці, сказаў Папа. 

Гэтыя грахі, паводле слоў Святога Айца, могуць прарастаць у сэрцы на падабенства хмызняку. Яны пазбаўляюць чалавека спакою і вядуць да трагічных наступстваў. Менавіта з нянавісці д’ябла смерць увайшла у свет, падкрэсліў Францішак.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што нянавісць забівае таксама і хрысціянскія супольнасці. Яна выклікае пакуты ў сэрцы асобы, нараджае жаданне смерці іншых. Не трэба хадзіць далёка, каб убачыць гэта. З зайздрасці забіваюць мовай, сказаў Папа і дадаў: “Забіваюць плёткі”.

Святы Айцец заклікаў вернікаў пахіліцца над ўласнымі сэрцамі і паразважаць, ці няма ў іх нянавісці і зайздрасці, якія перашкаджаюць быць шчаслівымі. Гэтыя хваробы ствараюць ілюзію таго, што дабро бліжняга накіравана супраць нас. “Папросім Пана, каб даў нам ласку не адчыняць сэрцаў на зайздрасць, на нянавісць, таму што яны заўсёды вядуць да смерці”, - дадаў Францішак.

Напрыканцы сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што менавіта з зайздрасці першасвятары аддалі Езуса Хрыста на суд Пілата. Папа заахвоціў вернікаў ніколі не паступаць падобным чынам. Трэба бачыць у бліжніх не толькі кепскія рысы, але і добрыя, і ніколі не распаўсюджваць плёткі, параіў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.