2016-01-21 14:59:00

Міжнародны эўхарыстычны кангрэс пачнецца на Філіпінах


Міжнародны эўхарыстычны кангрэс, які 25-31 студзеня 2016 г. пройдзе ў філіпінскім Себу, стане нагодай для аднаўлення евангелізацыі азіяцкага кантыненту праз дыялог і досвед адзінства, падкрэсліў старшыня Папскага камітэта па арганізацыі сустветнага форума арцыбіскуп Пьера Марыні.

Паводле слоў ватыканскага іерарха, у сустрэчы прымуць удзел каля 10 тыс. асоб, у тым ліку 8,5 тыс. дэлегатаў з 71 краіны свету. Тэмай форума з’яўляюцца словы св. Паўла з Паслання да Каласянаў: “Хрыстус у вас, надзея хвалы”. З дакладамі на ім выступяць высокія каталіцкія іерархі з Азіі, Амерыкі і Афрыкі.

Філіпіны, гэта адна з двух краін Азіі, дзе католікі складаюць большасць насельніцтва. Азія – гэта кантынент на тэрыторыі якога нарадзіўся Хрыстус, але дзе Ён з’яўляецца найменш вядомы, заўважыў арцыбіскуп Марыні. Такім чынам, менавіта з Філіпін трэба аднавіць евангелізацыю гэтага рэгіёну, лічыць ён. Іерарх заўважыў, што горад Себу, у якім пройдзе кангрэс, быў першым у краіне, куды ў 1521 г. прыбылі іспанскія місіянеры і адкуль пачалася евангелізацыя рэгіёну.

Мясцовы Касцёл можа даць цудоўны прыклад інкультурацыі хрысціянства ў азіяцкім кантэксце. Філіпінскім епіскапатам на працягу трыццаці гадоў рэалізуецца адпаведная евангелізацыйная праграма, у фундаменце якой ляжыць дыялог.

Ватыканскі іерарх распавёў, што Эўхарыстычныя кангрэсы спадарожнічаюць гісторыі Касцёла з канца ХІХ ст. Першы з іх прайшоў у французскім Ліле ў 1881 г. Адна з іх мэтаў у тым, каб падкрэсліць прысутнасць католікаў у тым ці іншых рэгіёне, нярэдка ў сітуацыі варожасці з боку ўладаў. Прыладай для гэтага станавіліся эўхарыстычныя працэсіі, якія выводзілі на вуліцы гарадоў вялікую колькасць людзей. Кангрэсы з часам набылі місійнае значэнне, калі пачалі праводзіцца не толькі на еўрапейскім кантыненце.








All the contents on this site are copyrighted ©.