2016-01-20 17:48:00

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форума


Папа Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форума, які 20 студзеня 2015 г. пачаўся ў швейцарскім Давосе на тэму выклікаў чацьвёртай прамысловай рэвалюцыі. У сустрэчы прымаюць удзел каля 2,5 тыс. дэлетатаў са 140 краін свету, сярод якіх: кіраўнікі дзяржаў, палітычныя лідэры, буйныя прадпрымальнікі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў.

У першую чаргу, Святы Айцец заклікаў знайсці адказ на праблему беспрацоўя, ад якога пакутуюць сотні мільёнаў людзей і якое правакуе “хвалюючы рост няроўнасці і беднасці ў розных краінах”. Францішак заклікаў да рэалізацыі “новых прадпрымальніцкіх мадэляў”, якія змогуць спалучыць развіццё перадавых тэхналогій са стварэннем годнай працы для ўсіх, умацаваннем сацыяльных правоў і абаронай навакольнага асяроддзя. “Чалавек павінен кіраваць тэхналагічным развіццём, не дазваляючы, каб яно панавала над ім!”, - напісаў Папа.

Выклікам першаснага значэння для кіраўнікоў Святы Айцец назваў клопат пра бедных. “Хто мае сродкі, каб весці годнае жыццё, замест таго, каб клапаціцца пра ўласныя прывелеі, павінен імкнуцца больш дапамагаць бедным”, - сказаў ён.

Паводле Францішка, нельга дапусціць, каб культура дабрабыту зрабіла людзей неадчувальнымі і “няздольнымі да спагады перад балючым воклічам іншых”. Ён заклікаў да ўсведамлення, што і “нашы дзеянні з’яўляюцца прычынай несправядлівасці і няроўнасці”.

Францішак перакананы, што разуменне адказнасці за бліжніх робіць людзей больш гуманнымі. “Не бойцеся адкрыць думкі і сэрцы на бедных. Такім чынам вы дасцё поўную свабоду дзеяння вашым эканамічным і тэхнічным талентам і адкрыеце шчасце поўнага жыцця, якое спажывецтва, само па сабе, даць не можа”, - заклікаў ён.

“Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя” не павінна прывесці да знічшэння чалавечай асобы, падкрэсліў Папа і заахвоціў будаваць інклюзіўныя грамадствы, заснаваныя на павазе да чалавечай годнасці, талерантнасці, спачуванні і міласэрнасці. 

Пантыфік нагадаў, што прадпрымальніцкая дзейнасць з’яўляецца “шляхетным пакліканнем, скіраваным на выраб багацця і паляпшэнне жыцця ўсіх”, асабліва “калі ўсведамляе, што стварэнне працоўных месцаў з’яўляецца неад’емнай часткай яе служэння супольнаму дабру”. 

Напрыканцы свайго паслання Францішак пажадаў, каб рашэнні давосскага форума адпавядалі клопату пра стварэнне і дасягненню “больш здаровага, гуманнага, сацыяльнага і інтэгральнага” прагрэсу.








All the contents on this site are copyrighted ©.