2016-01-20 11:28:00

Пантыфіка запрасілі ў рымскую Вялікую мячэць


20 студзеня 2016 г. раніцай у Ватыкане мусульманская дэлегацыя ўручыла Пантыфіку афіцыйнае запрашэнне наведаць рымскую Вялікую мячэць. Гэта павінна адбыцца ўжо праз тыдзень – 27 студзеня 2016 г., паведаміў старшыня Саюза ісламскіх суполак у Італіі Ізэдзін Эльзір.

Паводле імама, візіт Францішка дапаможа мусульманска-каталіцкаму дыялогу, які вядзецца на працягу дзесяцігоддзяў. Падкрэсліваючы “пакору і блізкасць” Папы, з якім шмат разоў спатыкаўся, Эльзір заўважыў, што яго асобу станоўча ўспрымаюць паслядоўнікі ісламу, як і выбар імя Францішак, якое “выражае беднасць, але і дыялог з ісламскім светам”. Наведанне рымскай мячэці стане важным жэстам, дэманструючым, што “рэлігіі вядуць дыялог, а не супрацьстаяць адна адной”. “Хто выкарыстоўвае імя Бога, каб забіць свайго брата, не мае нічога агульнага з рэлігіяй; ён мае на ўвазе толькі палітычны інтарэс і ўладу”, - сказаў імам. Паводле яго, “Францішак – гэта дабро не толькі для хрысціянскага свету, але і для ўсяго чалавецтва, таму што займаецца пытаннямі, важнымі не толькі для вернікаў, але і для няверуючых”.

Як стала вядома, праца над візітам Святога Айца ў рымскую мячэць доўжыцца ўжо каля дзесяці месяцаў, і абодва бакі жадаюць, каб ён адбыўся ў кантэксце Юбілею Міласэрнасці.

Вялікая мячэць знаходзіцца ў паўночнай частцы горада. Гэта найбуйнейшы мусульманскі храм у Заходняй Еўропе; ён можа змясціць да 12 тыс. чалавек. Мячэць была пабудавана ў 1984-1995 гг. па ініцыятыве і дзякуючы фінансаванню караля Саўдаўскай Аравіі Фейсалы.

Гэта будзе пяты ў гісторыі папскі візіт ў мусульманскую святыню. Ян Павел II наведаў мячэць Амэядаў у Дамаску 6 мая 2001 г. Бэнэдыкт XVI быў у Блакітнай мячэці ў Стамбуле 30 лістапада 2006 г, Францішак наведаў той жа храм 29 лістапада 2014 г. Ён быў таксама ў мячэці ў Бангі 30 лістапада 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.