2016-01-20 13:20:00

Ватыканскі прадстаўнік на Форуме Арабскіх Мысляроў


Дыялог з’яўляецца не проста справай выбару, але неабходнасцю. Гэта падкрэсліў сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу на Першым Форуме Арабскіх Мысляроў. Двухдзённая сустрэча, прысвечаная барацьбе з экстрэмізмам, праводзілася 17-18 студзеня 2016 г. у сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі.

У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі інтэлігенцыі і рэлігійныя лідэры з прымаючай краіны, а таксама з Катара, Егіпта, Лівана і Марока. Айцец Мігель Анхель Аюса Гішот быў адзіным не-мусульманінам, які выступіў з прамовай. Іспанскі законнік па адукацыі з’яўляецца арабістам.

Сакратар ватыканскай дыкастэрыі спаслаўся на папскае навучанне. Ён нагадаў, што падчас нядаўняй сустрэчы з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе, Францішак адзначыў, што “экстрэмізм і фундаменталізм знаходзяць спрыяльную глебу не толькі ў інструменталізацыі рэлігіі, але і ў адсутнасці ідэалаў і страце ідэнтычнасці, у тым ліку рэлігійнай. З гэтай пустэчы ўзнікае страх, які стымулюе ўспрыманне іншых як пагрозы і ворага, закрыцця ў сабе, хавання ў забабоны”.

Па гэтай прычыне, Пантыфік часта кажа пра неабходнасць пераадолення абыякавасці і пашырэння “культуры сустрэчы”, якая патрабуе ўмення слухаць тое, што кажуць іншыя, нагадаў айцец Аюса Гішот. Ён прывёў словы Францішка, сказаныя падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Сараеве: “Каб дыялог быў сапраўдным і плённым, патрэбна сфарміраваная тоеснасць: без яе дыялог бескарысны і нават шкодны”. 

У сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу таксама падкрэсліў ролю рэлігійных лідэраў у барацьбе супраць насілля і экстрэмізму і нагадаў аб абавязку ўсіх вернікаў маліцца ў гэтай інтэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.