2016-01-19 14:00:00

У Ватыкане прадставілі Кангрэсы Міласэрнасці


18 студзеня 2016 г. у Ватыкане адбылася прэзентацыя Апостальскіх Кангрэсаў Міласэрнасці, якія пройдуць у рамках святкавання Юбілейнага Году. На еўрапейскім узроўні форум адбудзецца ў Рыме, з 31 сакавіка па 4 красавіка 2016 г., а на сусветным – на Філіпінах, з 16 па 20 студзеня 2017 г. 

У праграме рымскага форума прадугледжана малітоўнае чуванне на плошчы св. Пятра, якое пройдзе 2 красавіка 2016 г. з удзелам Пантыфіка, а таксама св. Імша ў Нядзелю Божай Міласэрнасці. 1 красавіка вернікам будзе прадстаўлена асаблівая магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння: ў некалькіх вызначаных касцёлах Рыма святары будуць спавядаць на працягу ўсяго дня.

У Апостальскіх кангрэсах прымуць удзел не толькі хрысціяне, але і вызнаўцы іслама, якія падзеляцца сваім разуменнем Божай Міласэрнасці. 

Адной з тэм рымскага форума стане міграцыя. “Зараз, перад вялікім выклікам мігрантаў і бежанцаў існуе рызыка таго, што кожны схаваецца за сваімі межамі, што зноў будуць узведзены бар’еры і сцены. Жалезная завеса зноў існуе: іншым чынам, але існуе зноў. Гэта велізарны выклік: мы зноў знаходзімся перад хваляй неанацыяналізму ў Еўропе”, - сказаў прысутны на прэзентацыі ў Ватыкане карданал Крыстаф Шонборн. Арцыбіскуп Вены выказаў спадзяванне што еўрапейскія біскупы прыйдуць да адзінага меркавання па гэтым пытанні.

Упершыню Апостальскі Кангрэс Міласэрнасці быў праведзены ў 2008 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране. Ля вытокаў гэтай ініцыятывы стаяць чатыры кардыналы: польскі – Станіслаў Дзівіш, літоўскі – Аўдрыс Бачкіс, філіпінскі – Луіс Антоніа Тагле і французскі – Жан-Луі Таран.








All the contents on this site are copyrighted ©.