2016-01-18 12:34:00

Папа: хрысціяне і юдэі аб’яднаныя тым жа Богам


Дзякуючы яўрэйскім караням хрысціянства, існуе ўнікальная і асаблівая сувязь у дыялогу. Яўрэі і хрысціяне павінны адчуваць сябе братамі, аб’яднанымі тым жа Богам і агульнай багатай духоўнай спадчынай, на якой трэба асноўвацца ў пабудове будучыні. Такія думкі прагучалі 17 студзеня 2016 г. у рымскай Вялікай сінагозе з вуснаў папы Францішка. Ён перадаў усім яўрэйскім супольнасцям у свеце братэрскае прывітанне спакою ад Каталіцкага Касцёла. 

Пантыфік нагадаў, што насілле чалавека над чалавекам несумяшчальнае з ніводнай рэлігіяй і падкрэсліў, што кожны чалавек, будучы Божым стварэннем, з’яўляецца нашым братам, незалежна ад паходжання або рэлігійнай прыналежнасці. “Ні насілле, ні смерць не будуць мець апошняга слова перад Богам, Які ёсць Богам любові і жыцця”, - адзначыў Францішак і заклікаў да трывалай малітвы, каб “Бог дапамог нам зразумець, у Еўропе, на Святой Зямлі, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і ўсюды на свеце логіку міру, паяднання, прабачэння і жыцця”.

Папа нагадаў пра вынішчэнне еўрапейскіх яўрэяў падчас Халакоста, спаслаўся на дэпартацыю рымскіх яўрэяў у нацысцкі канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц” у кастрычніку 1943 г. 

У заключэнне Францішак выказаў падзяку юдэйскай супольнасці за ўсё, што было дасягнута ў каталіцка-юдэйскім дыялогу ў апошнія пяцьдзесят гадоў, за паглыбленне “паразумення, даверу і сяброўства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.