2016-01-17 15:48:00

Святы Айцец: Езус – збаўца і старэйшы брат чалавецтва


Гісторыі вяселля ў Кане Галілейскай прысвяціў Францішак 17 студзеня 2016 г. у Ватыкане свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”. Менавіта яна дапамагае нам зразумець, што Хрыстус не прыходзіць як суддзя, гатовы да асуджэння чалавека, або як правадыр, патрабуючы сляпого выканання загадаў, падкрэсліў Папа і назваў Езуса “Жаніхом чалавецтва”, Які адказвае на чаканні і абяцанні радасці, схаваныя у сэрцы кожнага.
 
“У гэтую нядзелю Евангелле прадстаўляе цудоўную падзею, якая мела месца ў Кане, у вёсцы у Галілеі, падчас вясельнага прыёму, на якім таксама прысутнічалі Марыя і Езус, а таксама яго першыя вучні (Ян 2, 1-11), - нагадаў Папа. - Маці звяртае ўвагу Сына на тое, што не хапіла віна, а Езус кажа, што не прыйшоў яшчэ Яго час, але, аднак, прымаеяе жаданне і дорыць сужонкам лепшае віно ўсяго вяселля. Евангеліст падкрэслівае, што: “Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя” (Ян 2, 11).

Такім чынам, цуды – гэта надзвычайныя знакі, якія суправаджаюць абвяшчэнне Добрай Навіны, і іх мэта заключаецца ў нараджэнні або культываванні веры ў Езуса. У цудзе, здзейсненым у Кане, мы бачым жэст дабрыні з боку Езуса да маладых, знак Божага благаслаўлення для сужэнства. Такім чынам, любоў паміж мужчынам і жанчынай з’яўляецца добрым спосабам, каб жыць паводле Евангелля, гэта значыць, з радасцю стаць на шлях святасці.

Але цуд у Кане датычыць не толькі маладых сужонкаў. Кожны чалавек закліканы сустрэць Пана ў жыцці. Хрысціянская вера ёсць дарам, які мы атрымліваем у хросце, і які дазваляе нам сустрэцца з Богам. Вера праходзіць праз перыяды радасці і смутку, святла і цемры, як і ў любым сапраўдным досведзе любові. 

Гісторыя пра вяселле ў Кане запрашае нас зразумець, што Езус аб’яўляецца нам не як суддзя, гатовы асудзіць нашы грахі, і не як правадыр, які навязвае сляпое выкананне сваіх загадаў. Ён паўстае перад намі ў ролі збаўцы чалавецтва, брата, старэйшага брата, Сына Айца: аб’яўляецца як Той, Які адпавядае чаканням і абяцанням радасці, якія ляжаць у сэрцы кожнага з нас.

Таму, мы павінны спытацца сябе: ці сапраўды я ведаю Пана такім? Ці адчуваю, што Ён – Жаніх майго жыцця? Ці я адказваю яму ў тым жа дыяпазоне хваляў любові, якой Ён штодзённа адорвае мяне і кожнага іншага чалавека? Справа ў тым, каб зразумець, што Езус шукае нас і запрашае нас прызначыць Яму месца ў глыбіні нашых сэрцаў. На гэтым шляху веры з Ім мы не самотныя: мы атрымалі дар Крыві Хрыста. Вялікія каменныя збаны, якія Езус загадвае напоўніць вадой, каб перамяніць яе ў віно (Ян 2, 7), з’яўляюцца прыкметай пераходу ад старога да новага запавету: замест вады, якую выкарыстоўвалі для рытуальнага ачышчэння, мы атрымалі Кроў Езуса, пралітую сакрамэнтальным чынам у Эўхарыстыі, і жорсткім чынам – падчас мукі і на крыжы. Сакрамэнты, якія выцякаюць з Пасхальнай Таямніцы, напаўняюць нас звышнатуральнай сілай і дазваляюць каштаваць бясконцую Божую міласэрнасць.

Дзева Марыя, узор разважання слоў і спраў Пана, няхай дапаможа нам нанова  адкрываць з верай прыгажосць і багацце Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, якія робяць прысутнай любоў Бога да нас. Такім чынам, мы зможам больш і больш любіць Пана Езуса, нашага Жаніха, і выходзіць на сустрэчу з Ім з запаленымі лямпамі нашай радаснай веры, стаўшы, дзякуючы гэтаму, Яго сведкамі ў свеце”, - сказаў Пантыфік.

Францішак пажадаў усім сабраным на плошчы св. Пятра добрай нядзелі і смачнага абеду, а таксама папрасіў не забывацца маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.