2016-01-16 13:14:00

Пантыфік пацікавіўся працэсам беатыфікацыі Дэ Гасперы


Францішак сустрэўся 14 студзеня 2016 г. з дачкой Слугі Божага Альчыда Дэ Гасперы, італьянскага палітыка, які быў адным з суаўтараў і выканаўцаў канцэпцыі еўрапейскай інтэграцыі. Ён быў ініцыятарам заснаваных у 1949 г. Савета Еўропы і Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, якія сталі ядром сучаснага Еўрапейскага Саюза. Папа абяцаў дачцы хрысціянскага палітыка пацікавіцца ходам справы беатыфікацыі Дэ Гасперы, як прызналася яна сама пасля спаткання.

Кароткая сустрэча з Марыяй Раманай Дэ Гасперы, ганаровай старшынёй “Фонду Дэ Гасперы”, стала для Пантыфіка магчымасцю даведацца аб стане беатыфікацыйнага працэсу палітычнага дысідэнта ў часы праўлення Мусаліні, які ў 2003 г. быў “замарожаны” пасля адстаўкі яго пастулятара кс. Ціта Сарторы.

Дэ Гасперы высока ацэньвалі папярэднікі Францішка. Бэнэдыкт XVI у 2009 г., прамаўляючы да членаў “Фонду Дэ Гасперы”, назваў яго прыкладам для пераймання для ўрадаў і палітыкаў, католікаў і не-католікаў. “Пяшчотны і паслухмяны Касцёлу, ён быў аўтаномным у сваіх палітычных рашэннях, без выкарыстання Касцёла ў палітычных мэтах, ніколі не ішоў на кампрамісы са сваім справядлівым сумленнем”, - сказаў тады Бэнэдыкт XVI.

Працэс беатыфікацыі Альчыда Дэ Гасперы пачаўся на дыяцэзіяльным узроўні 29 красавіка 1993 г. у Трэнта з адабрэння тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Фелічэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.