2016-01-15 10:41:00

Пантыфік: у Касцёле і Рымскай курыі мноства святых


Папа Францішак перакананы, што ў сучасным Касцёле, а таксама ў Рымскай курыі, ёсць мноства святых. Аб гэтым Пантыфік распавёў групе святароў з Аргентынскага святарскага калегіума ў Рыме. 14 студзеня 2016 г. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Сустрэча прайшла ў нефармальнай абстаноўцы. Падчас яе госці маглі пераказаць Святому Айцу прывітанні ад вернікаў, а таксама падзяліцца сваімі радасцямі і турботамі.

Адно з пытанняў скіраваных да Пантыфіка тычылася служэння святароў, якія пасля вучобы, вяртаюцца ў свае родныя дыяцэзіі. “Што павінен рабіць святар, які вяртаецца з Рыму. Якім павінен вярнуцца ў Аргентыну? Якімі павінны быць інтэнцыі святара, які плануе пачаць вучобу?”, - пыталіся яны.

У сваім адказе Францішак спаслаўся на словы св. Пятра з кнігі Дзеяў Апосталаў, калі з’явілася праблема “служэння пры сталах”. Пётр, разам з Апосталамі, паклікаў дыяканаў, якім даручыў гэту паслугу, каб мець магчымасць цалкам прысвяціць сябе малітве і прапаведванню Божага Слова. 

Папа падкрэсліў, што так павінны паступаць і святары, пасля перыяду вучобы: дбаць аб малітве і прапаведваць Слова ў месцы, у якім знаходзяцца, у той ролі да якой пакліканы, на падставе атрыманай спецыялізацыі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.