2016-01-14 13:11:00

Святы Пасад адрэагаваў на акты прафанацыі ў Францыі


Касцёл у свеце з’яўляецца знакам супраціву. Чым больш ён абвяшчае Хрыста, тым больш яго не ўспрымаюць, - такая думка гучыць у пасланні прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, кардынала Рабэра Сара. Такім чынам ён адрэагаваў на жорсткія акты прафанацыі гістарычнага касцёла ў Фонтэнбло, непадалёк ад Парыжа. У Францыі апаганьванне хрысціянскіх месцаў культу стала сапраўднай чумой. Па статыстыцы, у паліцыю штодзённа паведамляюць пра два такія выпадкі.

Кардынал падкрэсліў, што рэальнай мэтай нападу былі Бог, Касцёл і каталіцкая супольнасць у Фонтэнбло. Ён заклікаў да малітвы за тых, хто гэта здзейсніў: “На самой справе апаганены іх сэрцы, дзе жыве сатана”, - напісаў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.

У той жа час, ватыканскі кардынал нагадаў мясцовым католікам, што яны не павінны здзіўляцца нянавісці, з якой сутыкаюцца. “Любоў Бога да людзей, аб’яўленая ў Хрыстовым Нараджэнні, выклікала гнеў д’ябла”, - напісаў ён і нагадаў пра пераслед хрысціян, які адбываецца сёння ў свеце пры поўным маўчанні сродкаў інфармацыі і абыякавасці палітыкаў. Іерарх заклікаў французскіх католікаў рэагаваць на тое, што адбылося па прыкладу мучанікаў: сведчыць перад Богам, шукаць не помсты, але прабачэння і прымірэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.