2016-01-14 11:30:00

100-годдзе з дня нараджэння айца Уладзіслава Чарняўскага


14 студзеня 2016 г. у Беларусі ўспамінаюць айца Уладзіслава Чарняўскага, якому ў гэты дзень магло б споўніцца 100 гадоў. Святара называюць вялікай і гістарычнай асобай не толькі для духоўнага, але і культурна-асветніцкага жыцця Беларусі, краіны, якая 2016 год абвясціла Годам культуры. 

Айцец Чарняўскі амаль адразу пасля заканчэння ІІ Ватыканскага Сабору пачаў перакладаць літургічныя тэскты і Біблію на беларускую мову, а благаслаўленне на гэту працу ён атрымаў ад самаго папы Паўла VI, нагадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек. “Ён сапраўды скончыў пераклад асноўных тэкстаў імшалу і потым Бібліі. Я памятаю, што на пачатку 90-х гг. у Мінску служылі першыя імшы на беларускай мове на Залатой Горцы менавіта па перакладзе Чарняўскага. У гэтым сэнсе ён быў вялікім піянерам. Канешне, ён карыстаўся перакладамі, якія рабіліся яшчэ да вайны. Але ўсё роўна высілак айца Уладзіслава – гэта вялікі ўклад у культуру. І цікава, што ён быў прызнаны на дзяржаўным узроўні: святар атрымаў узнагароды ад прэм’ер-міністра Беларусі і мясцовых уладаў”, - адзначыў архімандрыт Сяргей Гаек у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Айцец Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся сто гадоў таму, у першы дзень 1916 года, сёння б сказалі па старым стылі. Малой радзімай будучага святара заўсёды была вёска Вішнева Валожынскага раёну, там ён скончыў школу, потым вучыўся у Крэўскай гімназіі, атрымаў адукацыю пры марыянскім кляштары ў Друі. Падчас ганенняў на святароў і высылкі іх за межы савецкай рэспублікі адправіўся ў Віленскую семінарыю, якую скончыў у 1945 г. Праз 10 гадоў ужо святар Чарняўскі вярнуўся ў Беларусь, каб пачаць служэнне ў роднай парафіі. 

Айца Уладзіслава лічылі энтузіястам беларускай мовы, прыхільнікам нацыянальнага адраджэння, чалавекам адважным, але перш за ўсё ён быў святаром, лічыць айцец Сяргей Гаек, простым і адкрытым на зносіны з інтэлігенцыяй і працоўнымі людзьмі, моладдзю і старымі. 

А гісторыя адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі паказала: намаганні айца Чарняўскага прынеслі свае плёны, прыменшыць якіх проста немагчыма. “Слава Богу, што па гэтым шляху пайшлі людзі: святары і свецкія, якія ўключыліся ў дзяржаўныя стурктуры, у камісіі па перакладзе і працягваюць розным чынам справу. Вельмі шмат зроблена: Каталіцкі Касцёл сёння мае большасць патрэбных літургічных тэкстаў і біблійных чытанняў на беларускай мове. І нават калі яны выкарыстоўваюцца сёння ў іншых перакладах, не айца Чарняўскага, то пачатак быў пакладзены менавіта ім. Сёння адзіным асяроддзем, у якім беларуская мова жыве на розных узроўнях, з’яўляецца Каталіцкі Касцёл, у тым ліку Грэка-каталіцкая Царква. Гэта была вялікая мара айца Уладзіслава, а да яго віленскіх айцоў 1930-х гадоў. Тады гэта была мара, сёння мы так жывём – напрацоўкамі гэтымі. І добра, што падключыліся новыя сілы і робяцца новыя пераклады. Канешне, можна іх удасканальваць, але не было б іх, калі б не было працы і адвагі айца Уладзіслава Чарняўскага”, - упэўнены грэка-каталіцкі святар.         

На сённяшні дзень у гісторыі Беларусі былі тры спробы зрабіць поўны пераклад Бібліі на беларускую мову: так званы канадскі варыянт, літаратурны пераклад Васіля Сёмухі і “дагматычны” айца Уладзіслава Чарняўскага, нагадаў айцец Сяргей Гаек. Але ў любым выпадку, лічыць ён, гэта наша спадчына, аб якой трэба не толькі памятаць, якую трэба вывучаць. 

“Пераклад айца Чарняўскага перажыў шмат карэкцый, стаў ён лепшым ці горшым, сёння сказаць цяжка. Але тое, што пераклад гэты быў зроблены каталіцкім святаром – гэта значыць, што у ім няма памылак з пункту гледжання дагматычнага. У апошнія гады прыйшло шмат маладых вернікаў, якія, на жаль, не ведаюць гісторыі, яны спрабуюць будаваць Касцёл “па вобразу і падабенству свайму”, і гэта недахоп: недаасэнсаванне вялікай спадчыны беларускай хрысціянскай культуры, пачынаючы са Скарыны, праз Гадлеўскага, праз Вільню 20-х гадоў і да перыяду Чарняўскага”, - выказаў меркаванне айцец Гаек.        

Таму сёння, у 100-годовы юбілей айца Уладзіслава Чарняўскага так важна нагадаць пра маштаб асобы гэтага святара: пастыра і перакладчыка, намаганнямі якога калісьці ўпершыню беларусы пачулі словы Евангелля на родный мове.








All the contents on this site are copyrighted ©.