2016-01-13 11:36:00

Святы Айцец маліўся за ахвяр тэракту ў Стамбуле


13 студзеня 2016 г. напрыканцы агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане папа Францішак заклікаў вернікаў да малітвы за ахвяр тэракту ў Стамбуле, у выніку якога загінулі турысты – 10 чалавек, у тым ліку па меншай меры восем грамадзян Германіі.

“Перш чым мы завершым гэтую сустрэчу, падчас якой разам разважалі пра Божую міласэрнасць, я запрашаю вас памаліцца за ахвяр тэракту, які адбыўся ўчора ў Стамбуле. Няхай міласэрны Бог дасць вечны спакой памерлым, суцяшэнне іх сем’ям, моцную салідарнасць грамадству і наверне сэрцы людзей, якія звяртаюцца да насілля”, - сказаў Папа.

Усё здарылася 12 студзеня 2016 г. у гістарычным цэнтры Стамбула. Плошча Султанахмет – першае месца, куды спяшаюцца трапіць турысты. На ёй – незалежна ад часу – заўсёды шмат людзей. У крокавай даступнасці адзін ад аднаго тут адразу некалькі помнікаў сусветнай архітэктуры, сярод якіх Айя-Сафія, Блакітная мячэць, Палац Топкапы. Выбух прагрымеў побач з трамвайным прыпынкам, у момант калі там як раз сабралася чарговая турыстычная група. Хваля была такой сілы, што перавярнулася прыпаркаваная непадалёк патрульная машына.








All the contents on this site are copyrighted ©.