Францішак з’яўляецца вялікім рэалістам, лічыць Андрэа Тарньелі, адзін з самых вядомых італьянскіх журналістаў-ватыканістаў і аўтар кнігі-інтэрв’ю з Папам “Імя Бога – Міласэрнасць” (Il nome di Dio è Misericordia), якая ўбачыла свет 12 студзеня 2016 г. У інтэрв’ю “Christ&Welt”, дадатку да нямецкага штотыднёвіка “Die Zeit”, спасылаючыся на дыскусію вакол змен у Каталіцкім Касцёле, ён сказаў: “Папа ў поўнай меры ўсведамляе, што некаторых рэчаў не можна зламаць вышэй калена”.
“Для яго вельмі важна распачаць працэсы, не ведаючы, як і калі яны скончацца”, - выказаў меркаванне італьянскі журналіст. На яго думку, для Францішка структурныя рэформы, такія як змены ў Рымскай курыі, не з’яўляюцца самімі важнымі.
Тарньелі адзначыў, што 79-гадовы Пантыфік мае свядомасць, што яго пантыфікат ужо толькі па прычыне яго ўзросту мае сур’ёзныя абмежаванні. На думку журналіста, нельга выключаць магчымай адстаўкі Папы ў будучыні, як гэта адбылося ў выпадку Бэнэдыкта XVI, які ў гэтым пытанні “адчыніў дзверы”. “Але цяжка ўявіць, каб за жыцця Папы на пенсіі Францішак пайшоў у адстаўку”, - сказаў эксперт па Ватыкане.
12 студзеня 2016 г. у Рыме прайшла сусветная прэм’ера кнігі-інтэрв’ю, якое правёў Андрэа Тарньелі з Францішкам. У ёй Святы Айцец узняў пытанне міласэрнасці праз свой асабісты досвед святара і пастыра, патлумачыў прычыны абвяшчэння Года Міласэрнасці, які пажадаў прысвяціць усім людзям, у Касцёле і па-за яго межамі, якія шукаюць сэнсу жыцця, шляху спакою і прымірэння, гаення духоўных ран. Кніга-інтэрв’ю стала сінтэзам вучэння Францішка і яго пантыфікату.
All the contents on this site are copyrighted ©. |