2016-01-12 13:18:00

Папа ў кнізе-інтэрв’ю: Касцёл не для таго, каб асуджаць свет


Міласэрнасць з’яўляецца “пасведчаннем” Бога, гэта лейтматыў кнігі-інтэрв’ю Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць” (Il nome di Dio è Misericordia), якая ўбачыла свет 12 студзеня 2016 г. Кніга – гэта, практычна, размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарньелі. У ёй гучаць 40 пытанняў. Першы асобнік на італьянскай мове быў уручаны напярэдадні вечарам самому Францішку.

Інтэрв’ю было запісана ў ліпені 2015 г. у доме св. Марты, дзе пражывае Папа, адразу пасля яго вяртання з апостальскага падарожжа ў Эквадор, Балівію і Парагвай. Як успамінае Тарньелі, гэта быў гарачы поўдзень. На стале перад Пантыфікам ляжалі Біблія і кніга з цытатамі Айцоў Касцёла. Размова сканцэнтравалася на міласэрнасці, у кантэксце Надзвычайнага Юбілею, які павінен быў распачацца праз пяць месяцаў.

Францішак прызнаўся, што разуменне Касцёла папярэднімі Пантыфікамі, яго вобраз як “палявога шпіталя” і як таго, хто “сагравае сэрцы людзей праз блізкасць і роднасць” – гэта тыя тры фактары, якія прывялі яго да думкі пра неабходнасць Году Міласэрнасці. Сучасны чалавек страціў пачуццё граху, што само па сабе сур’ёзная хвароба, але яна вядзе і да іншых “сацыяльных хвароб”: беднасці, выключэння, рабства трэцяга тысячагоддзя, рэлятывізму. І тут не абысціся без міласэрнасці Бога, Які “заўсёды застаецца верным”, нават калі грэшнік Яго не прымае.

Пантыфік гаворыць пра “ласку сораму”, якая можа дапамагчы чалавеку ўсвядоміць яго грэх. Ён кажа таксама пра так званае “апостальства вуха” – здольнасць спаведнікоў “слухаць з цярплівасцю” тых, хто вызнае свае грахі. Сённяшні чалавек шукае таго, хто “гатовы ахвяраваць свой час, выслухаць яго праблемы і цяжкасці”. Таму споведзь не можа быць ні “хімчысткай”, дзе проста змываецца грэх, ні “засценкам”, дзе адбываецца допыт.

Папа даў параду тым, хто рыхтуецца да споведзі, “паглядзець шчыра на сябе і на свой грэх”, каб атрымаць дар Божай міласэрнасці. Святарам, якія спавядаюць, Францішак прапанаваў не забывацца пра свае ўласныя грахі, што дазволіць ім слухаць пенітэнта “з пяшчотай”, “не кідаючы ў яго ніколі першы камень. “Касцёл асуджае грэх”, але, “у той жа час, атуляе грэшніка, які прызнае свой грэх, прамаўляе да яго з бясконцай Божай міласэрнасцю”. Касцёл існуе не для таго, “каб асуджаць свет, але каб дазволіць яму сустрэцца з велізарнай любоўю, якой з’яўляецца Божая міласэрнасць”.
 
Францішак заклікаў тых, хто адчаіўся “у магчымасці прабачэння” і аддаў перавагу “залізванню ран грахоў”, не красці ў сябе надзею на вылячэнне. “Гэта нарцыстычная хвароба, якая прыводзіць да горычы”, прычым, чалавек з часам атрымлівае “задавальненне ад гэтай горычы, хворае задавальненне”. А лек просты – зрабіць крок да Бога ці, па меншай меры, мець жаданне рухацца да Яго. У жыцці самае галоўнае не “ніколі не ўпасці”, а “заўсёды ўстаць”.

Адказваючы на пытанне пра гомасексуальных асоб, Папа патлумачыў, што да гэтых людзей трэба ставіцца тактоўна і не ізаляваць іх. Кожны чылавек, гэта, перш за ўсё, чалавек, “ва ўсёй яго паўнаце і годнасці”, якая “вызначаецца не толькі яго гомасексуальнай арыентацыяй”. “Я аддаю перавагу, каб гомасексуальныя асобы прыходзілі да споведзі, каб заставаліся блізкімі да Бога, каб мелі магчымасць маліцца разам”, - сказаў Пантыфік.

Францішак шырока выказаўся на тэму барацьбы з карупцыяй, якую назваў “грахом, народжаным сістэмай, што стаў мысленнем і ладам жыцця”. Карумпаваныя не каяцца, робячы выгляд, што яны добрыя хрысціяне і не павінны прасіць аб прабачэнні. Карупцыянер ухіляецца ад выплаты падаткаў, звальняе супрацоўнікаў, выкарыстоўвае чорны рынак, патрабуе хабару, а затым можа пахваліцца сваёй хітрасцю з сябрамі ці нават пайсці на нядзельную імшу. “Грэшнікі – так, карупцыянеры – не!”, - заклікаў Папа.

Ён папрасіў не забывацца, што сям’я – “гэта першая школа міласэрнасці”, таму што ў ёй “любяць і вучаць любіць, даруюць і вучаць дараваць”. Сучасная “глабалізацыя абыякавасці”, паводле Святога Айца, можа быць пераможана толькі спагадай.

У канцы кнігі-інтэрв’ю Папа заклікаў да практыкавання ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела бліжняга. Яны заўсёды актуальная і з’яўляюцца асновай адкрыцця да Божай міласэрнасці. Ён запрасіў служыць Хрысту ў кожным чалавеку: выключаным, галодным, прагнучым, нагім, зняволеным, хворым, беспрацоўным, бежанцы. У клопаце пра пакінутага, грэшнага, з параненай душой і целам чалавека выяўляецца сутнасць хрысціянства, лічыць Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.