2016-01-09 15:05:00

Нямецкія біскупы пра інцыдэнты ў Кёльне


Пасля інцыдэнтаў у Кёльне каталіцкія біскупы Германіі заклікалі да большай абароны годнасці жанчын. У той жа час, аднак, яны папярэдзілі аб шкодзе вінавачання апрыёры ўсіх бежанцаў і іншаземцаў.

Аб абароне годнасці жанчын гаварыў у сваёй гаміліі падчас літургіі ў саборы Кёльна кардынал Райнэр Марыя Вёлькі. “Бог супраць таго, каб безабаронныя жанчыны, якія святкуюць канчатак старога года і вітаюць новы, былі пад пагрозай нападу з боку бадзяжных банд, і хоча, каб і мы выступілі супраць гэтага і сталі ў абароне годнасці, у гэтым выпадку годнасці многіх жанчын”, - сказаў арцыбіскуп Кёльна.

Сваё стаўленне да падзей у Кёльне выказаў таксама дапаможны біскуп з Гамбурга Ханс-Ёган Яшке. “Большасць людзей хочуць неадкладна асудзіць і неадкладна паказаць на іншых”, -  сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх, адказны ў нямецкім епіскапаце за дыялог з мусульманамі. Ён нагадаў, што Касцёл павінен звярнуць увагу на тое, каб у агульнае падазрэнне да іншаземцаў і бежанцаў не закраліся “ірацыянальны настрой” і палітычная прапаганда. У той жа час, іерарх даў зразумець, што асобы, якія шукаюць прытулку, павінны паважаць асноўныя еўрапейскія каштоўнасці, у тым ліку, годнасць мужчын і жанчын.

Па дадзеных паліцыі, у ноч на Новы год каля сабора і галоўнага чыгуначнага вакзала ў Кёльне групы маладых мужчын з краін Паўночнай Афрыкі і арабскага рэгіёну нападалі на жанчын з мэтай гвалтавання і рабавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.