2016-01-07 13:13:00

Францішак агучыў свае інтэнцыі ў фармаце відэа-звароту


Новая форма пераказу ў відэа-фармаце – на англійскай, французскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай, кітайскай і арабскай мовах у інтэрнэце прапанавана для прэзентацыі штомесячных папскіх малітоўных інтэнцый. Прычым, іх агучвае сам Пантыфік. Яго першы відэазварот быў размешчаны 6 студзеня 2016 г. на спецыяльна створанай інтэрнэт-старонцы thepopevideo.org. У ім Святы Айцец, у суправаджэнні прадстаўнікоў католікаў, яўрэяў, мусульман і будыстаў гаворыць аб выкліку, якім з’яўляецца міжрэлігійны дыялог.

Словы Францішка ілюструюцца выявамі, якія нагадваюць аб сустрэчах з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій. Папа заклікаў людзей добрай волі, распаўсюджваць пасланне: “Каб шчыры дыялог паміж мужчынамі і жанчынамі розных рэлігійных канфесій спарадзіў плён спакою і справядлівасці”. У канцы ён дадаў, што верыць у малітвы адрасатаў свайго паслання.

З ініцыятывай відэа-зваротаў выйшла “Апостальства малітвы”, створанае ў 1844 г. групай семінарыстаў-езуітаў у Францыі. Штогод Святы Айцец вызначае для кожнага месяца інтэнцыі: агульную, якая датычыць праблем усяго Касцёла, і місійную, звязаную з евангелізацыяй.

Зварот Папы гучыць на яго роднай іспанскай мове. Яго словы перакладаюцца на іншыя мовы з дапамогай субтытраў. Штомесячныя відэа-пасланні будуць запісвацца ў фармаце высокай якасці і распаўсюджвацца праз сацыяльныя сеткі: “Facebook”, “Twitter”, “Instagram”, “Youtube”.








All the contents on this site are copyrighted ©.