2016-01-07 15:00:00

Пантыфік пра распазнанне духаў


Справы міласэрнасці займаюць цэнтральнае месца ў нашай веры ў Бога, сцвердзіў папа Францішак 7 студзеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Яна стала першай, праведзенай у капліцы Дому св. Марты з удзелам вернікаў, пасля перапынку, звязанага з перыядам Божага Нараджэння. 

Спасылаючыся на першае літургічнае чытанне (1 Ян 3, 22 – 4, 6), Святы Айцец адзначыў, што мы павінны сцерагчыся ўсяго мірскога і тых духаў, што аддаляюць нас ад Бога, Які дзеля нас стаў целам.

Францішак падкрэсліў, што сутнасцю хрысціянскага жыцця з’яўляецца “прабыванне ў Богу” і дазвол, каб намі кіраваў Святы Дух. Ён адзначыў, што св. Ян перасцерагае нас: “Не кожнаму духу верце”. Таму, трэба “правяраць духаў, ці яны ад Бога”. Гэта штодзённае правіла жыцця, лічыць Папа.

Разважаючы над тым, што значыць “правяраць духаў”, Святы Айцец звярнуў увагу, што гаворка ідзе пра даследаванне таго, што адбываецца ў нашым сэрцы, што з’яўляецца крыніцай нашага адчування, адкуль гэта – ці ад Бога, ці ад Антыхрыста. Францішак адзначыў, што дух гэтага свету аддаляе нас ад Духа Божага, ад прабывання ў Богу. Св. Ян прапануе толькі адзін крытэрый адрознівання таго, што адбываецца ў нашых душах: “кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога; і кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога”.

“Крытэрыем з’яўляецца Уцелаўленне. Я магу адчуваць у сваім сэрцы шмат рэчаў, нават добрых рэчаў, добрых ідэй, але калі яны не прыводзяць мяне да Бога, Які стаў целам, калі яны не вядуць мяне да майго бліжняга, да брата – яны не ад Бога. Вось чаму св. Ян пачынае гэтую частку свайго ліста, кажучы: “А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Яго Езуса Хрыста і любілі адно аднаго”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што мы можам рэалізаваць “шмат душпастырскіх планаў”, распрацаваць новыя метады, каб быць бліжэй да народа, але калі не пройдзем шляхам Бога, Які прыйшоў у целе, Сына Божага, Які стаў чалавекам для таго, каб ісці разам з намі, мы не знаходзімся на дарозе добрага духа – наадварот гэта дух Антыхрыста, дух гэтага свету. 

Папа падкрэсліў, што справы міласэрнасці з’яўляюцца канкрэтным выразам нашай веры ў Сына Божага, Які стаў целам: наведаць хворых, накарміць галодных, паклапаціцца аб забытых. “Справы міласэрнасці неабходныя, таму што кожны наш брат, якога мы павінны любіць, гэта цела Хрыста. Бог стаў целам, каб атаясаміцца з намі, і чалавек, які пакутуе, гэта церпячы Хрыстус”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што служэнне бліжняму, патрабуючым брату і сястры, патрабуючым таксама нашай парады, быцця пачутым, з’яўляюцца знакам таго, наколькі мы ідзём шляхам добрага духа, шляхам Божага слова, якое стала целам.

Сваю гамілію Пантыфік завяршыў малітвай: “Папросім сёння ў Пана ласкі добрага пазнання таго, што адбываецца ў нашых сэрцах, што мы хочам зрабіць, што найболь нас хвалюе: Дух Божы, Які вядзе мяне да служэння іншым, ці дух свету, які круціцца вакол мяне, маіх абмежаванняў, майго эгаізму і многіх іншых рэчаў. Папросім ласкі пазнання таго, што адбываецца ў нашых сэрцах”.








All the contents on this site are copyrighted ©.