2016-01-06 12:52:00

У Беларусі стварылі серыю ўнікальных біблійных мініяцюр


Каб упрыгожыць дом да Божага Нараджэння і Трох Каралёў, гомельскі католік Аляксей Дабрыян разам з жонкай Вольгай не набывалі ў касцёле гатовую “Бэтлеемку”, а зрабілі яе сваімі рукамі – разам з фігуркамі евангельскіх персанажаў. Такім чынам сужэнцы захацелі паказаць сваім дзецям, як нарадзіўся Збаўца. Не дзіўна, што “Бэтлеемка” атрымалася сапраўды ўнікальнай, бо Аляксей даўно захапляецца незвычайнай справай – збірае і вырабляе мініяцюры. А нядаўна ён пачаў ствараць мініяцюры біблійных герояў. 

Пра гісторыю свайго захаплення Аляксей распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Я калекцыянер з амаль саракагадовым стажам, а гэта амаль усё маё свядомае жыццё. “Салдацікі” – вось прадмет майго захаплення. Індзейцы і каўбоі Дзікага Захаду, рымскія легіянеры, сярэднявечныя рыцары, рускія дружыннікі, французскія мушкецёры, напалеонаўскія салдаты, савецкія артылерысты і нямецкія танкісты Другой сусветнай мірна ўжываюцца на маіх паліцах з бравымі ваярамі фантастычных сусветаў і агнядышных цмокам”, - прызнаўся ён.

Цяпер на паліцах у пакоі Аляксея з’явілася і калекцыя новых герояў – хрысціянскіх “жаўнераў”. Калі калекцыянер прыйшоў у Касцёл і адкрыў для сябе веру, яму стала цікавая хрысціянская тэматыка.

“Якое ж было маё здзіўленне, калі рынак маштабных мініяцюр не змог задаволіць мой попыт! З гэтага моманту, з нараджэння ідэі стварыць серыю мініяцюр, прысвечаных хрысціянскай тэматыцы, усё і пачалося. Праз мініяцюрныя выявы біблійных персанажаў, святых і проста тых, хто прысвяціў сябе служэнню, хачу пазнаёміць людзей з хрысціянствам і яго гісторыяй. Калі шукаў каманду аднадумцаў, сутыкнуўся з першымі цяжкасцямі. Аказалася, вельмі цяжка знайсці тых, хто гатовы працаваць з рэлігійнай тэматыкай. Усе гатовыя гаварыць пра вайну, пра любыя іншыя рэчы, толькі не пра веру, а ўжо тым больш ўзяцца за выраб мініяцюры”, - распавёў калекцыянер-католік.

Але, даўшы ідэю, Бог даў і магчымасці для яе ўвасаблення. Аляксей знайшоў аднадумца, а яшчэ праз некаторы час ім пагадзіліся дапамагчы скульптары з Украіны: Канстанцін Ткачэнка з Днепрапятроўска, які стаў стваральнікам першай майстар-мадэлі, і Улад Булгакаў з Вінніцы. Улад не толькі аўтар астатніх чатырох мініяцюр, але і першы настаўнік каманды. Ён прыняў у сябе гасцей, за што яны дагэтуль вельмі ўдзячныя, і правёў майстар-класы па лепцы і ліццю з выкарыстаннем сіліконавых формаў.

Сёння ў каманды гатовая першая серыя з пяці фігур. Стваральнікі сціпла кажуць пра сябе, што яны не прафесіяналы, а толькі вучацца, але спадзяюцца, што з Божай дапамогай удасца стварыць годнае ўвасабленне сваіх ідэй. 

Правобразам для першых біблійных фігур сталі скульптуры з розных краін, устаноўленыя побач з храмамі – не копіі, але крыніцы натхнення. Фігуры выкананы з мадэльнага ліццёвага пластыка з дапамогай тэхналогіі ліцця пад ціскам у сіліконавыя формы. Стваральнікі ўжо гатовыя падзяліцца сваімі вырабамі з іншымі калекцыянерамі і ўсімі зацікаўленымі.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.