2016-01-05 12:16:00

Святы Айцец здзейніў нечаканы “прыватны малітоўны візіт”


Францішак здзейніў 4 студзеня 2016 г. нечаканы “прыватны малітоўны візіт” у італьянскі Грэчыа. Менавіта тут, у 1223 г. св. Францішак устанавіў першыя яслі Божага Нараджэння, уводзячы традыцыю, якая трывае па сённяшні дзень ва ўсім свеце.

Святы Айцец наведаў узведзены там санктуарый, маліўся каля стаенкі і сустрэўся з мясцовай францішканскай супольнасцю. Ён надзвычай уразіў сваёй прысутнасцю ўдзельнікаў “Сустрэчы моладзі 2016” (Meeting dei Giovani 2016), арганізаванай антымафіёзным рухам “Libera”.

“Калі ў нашым жыцці мы не знаходзім адмысловай зоркі, якая заклікае нас зрабіць нешта большае, нешта добрае, здзейсніць падарожжа, а таксама прыняць рашэнне, (…) нешта ідзе не так”, - заўважыў Пантыфік падчас жывога дыялогу з моладдзю. Ён заклікаў маладых людзей прасіць Бога, знайсці тую зорку, якая прывядзе іх да Езуса. 

У сваім прышэсці на зямлю ў асобе маленькага Дзіцяці Бог паказаў сваю пакору; Ён пайшоў “супраць гонару, дастатковасці, узвышэння”. Папа назваў гэта “сігналам” для кожнага з нас. Ён папарасіў маладых людзей задаць сабе пытанне: “ці маё жыццё з’яўляецца сціплым, пакорлівым, не пафасным, не ганарлівым?”. Францішак запрасіў браць прыклад з біблійных Мудрацоў, якія “дазволілі весці сябе зорцы”.

Падчас свайго візіту, Святы Айцец наведаў таксама Рыеці, сталіцу дыяцэзіі, і мясцовага біскупа Даменіка Пампілі.








All the contents on this site are copyrighted ©.