2016-01-05 12:37:00

Святар-лаўрэат: мая мара – зрабіць зямлю прыгожай


Святар з Віцебскай дыяцэзіі стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Ксёндз Чэслаў Курэчка з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна ўдастоены ўзнагароды Прэзідэнта Беларусі “за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды”, а таксама “за ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця”. 

Айцец марыянін прызнаўся ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што ўзнагарода для яго стала нечаканасцю. “Я ніколі не хапаў зорак з неба, не шукаў славы, не думаў, што тут, у Росіцы, на краі свету, мяне заўважаць. Напэўна, Богу было так заўгодна, што прадставіў мне гэтую ўзнагароду. Напэўна благаслаўлёныя мучанікі Юрый і Антоній заўважылі маю працу. Гэта мяне радуе, але таксама і заахвочвае, падштурхоўвае, каб не спыняцца на дасягнутым, каб яшчэ больш працаваць з людзьмі, любіць іх, дапамагаць ім шукаць вечныя каштоўнасці, любіць сваю зямлю, краіну і ўсё святое, усё жывое, што ёсць на гэтай зямлі. З ласкай і дапамогай Божай пойдзем далей, каб зямля наша была больш прыгожай, а людзі – больш шчаслівыя”, - сказаў святар.

Ксёндз Чэслаў нарадзіўся і вырас у Браслаўскім раёне. Разам са старэйшым братам у дзяцінстве з ахвотай дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Спачатку хлопец з беларускай глыбінкі паспрабаваў сябе ў свецкай прафесіі – кухара. “Мары пра Бога мяне наведвалі. Аднак, думаў, што святарства – гэта не маё месца”, - прызнаўся ён. Ты не менш, малады чалавек адказаў на заклік Бога і паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю. 
 
“Працаваў у розных парафіях на Віцебшчыне: у Оршы, Падсвіллі, Лужках. Стараўся, каб там квітнелі “райскія сады”, было прыгожа. Уступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў. З 2007 года і зараз працую ў Росіцы. Гэта парафія, дзе загінулі два мучанікі – Юрый і Антоній. Месца святое, намоленае. Сюды прыязджаюць і прыходзяць шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, каб “вырашыць” тут свае справы з Панам Богам, паразмаўляць з Нябесным Айцом, шчыра памаліцца, атрымаць духоўную палёгку, знайсці сэнс жыцця. І мы служым гэтым людзям так, як служылі благаслаўлёныя айцы Юрый і Антоній, якія былі з імі да канца. Гэта наша звычайная праца – служэнне людзям”, - распавёў ксёндз Чэслаў.

Трэба нагадаць, што па выніках 2013 года святар ужо быў удастоены ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Дзякуючы яго старанням, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы атрымала новае жыццё, тэрыторыя вакол касцёла стала прывабнай, добраўпарадкаваны могілкі. Тут растуць сотні кветак, экзатычнае кустоўе, цвітуць нават паўднёвыя магноліі. Аднавілася і сама вёска. Зараз сюды ахвотна едуць і ідуць пілігрымы і турысты з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Ксёндз Чэслаў кажа, што такім чынам ён рэалізуе сваю мару – зрабіць зямлю прыгожай.

Наталія Байнаровіч, Віцебск.








All the contents on this site are copyrighted ©.