2016-01-03 14:56:00

Папа: чуваць і не пускаць зло ў сэрца


Святы Айцец пажадаў, каб Год Міласэрнасці стаў нагодай для ўцелаўлення Евангелля ў штодзённым жыцці вернікаў. Перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 3 студзеня 2016 г. Францішак звярнуўся з кароткім разважаннем, у якім заклікаў хрысціян быць пільнымі і ўважлівымі, каб зло не ўвайшло ў іх сэрцы і не зачыніла іх на ўсё іншае. “Мы, пакліканы адчыніць дзверы нашага сэрца на Слова Божае, на Езуса, каб стаць, такім чынам, Ягонымі дзвецьмі”, - сказаў Пантыфік.

“Сённяшняя літургія другой нядзелі пасля Божага Нараджэння, прадстаўляе нам уступ Евангелля паводле св. Яна, у якім абвяшчаецца, што “Слова – гэта значыць творчае Слова Бога – сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1,14), – адзначыў Папа. – Гэта слова, якое жыве ў небе, або ў вымярэнні Бога, прыбыло на зямлю, каб мы яго пачулі і маглі пазнаць і дакрануцца да любові Айца. Слова Божае – гэта сам Яго Адзінародны Сын, які стаў чалавекам, поўным любові і вернасці (пар. Ян 1,14), гэта сам Езус.

Евангеліст не хавае драматычнасці Уцелаўлення Сына Божага, падкрэсліваючы, што дар любові Божай не сустрэў адкрытасці з боку людзей. Слова – гэта святло, аднак людзі аддалі перавагу цемры; слова прыйшло да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. 9-10). Яны закрылі дзверы перад тварам Сына Божага. Гэта таямніца зла, якое асаджае таксама і наша жыццё і ад нас патрабуецца пільнасць і ўвага, каб яно не перамагло. Кніга Быцця, кажа цудоўныя словы, якія дапамагаюць зразумець гэта: кажа, што зло “ляжыць ля дзвярэй і вабіць цябе” (пар. 4,7). Гора нам, калі дазволім яму ўвайсці; тады б яно зачыніла нашы дзверы на ўсё іншае. Мы, аднак, пакліканы адчыніць дзверы нашага сэрца на Слова Божае, на Езуса, каб стаць, такім чынам, Ягонымі дзвецьмі.

У дзень Божага Нараджэння мы ўжо чулі гэты ўрачысты пачатак Евангелля паводле св. Яна; сёння ён нам прапануецца яшчэ раз. Гэта заклік святой Маці Касцёла да прыняцця гэтага слова збаўлення, гэтай таямніцы святла. Калі мы яго прымем, калі прымем Езуса, узрасцём у пазнанні і любові Пана, навучымся быць міласэрнымі, як Ён. Асабліва ў гэты Святы Год Міласэрнасці, дазволім, каб Евангелле ўсё больш уцелаўлялася таксама ў нашым жыцці. Набліжэнне да Евангелля, разважанне над ім і яго ўцелаўленне ў штодзённае жыццё – гэта лепшы спосаб, каб пазнаць Езуса і прынесці Яго іншым. Гэта пакліканне і радасць кожнага ахрышчанага; паказваць іншым Езуса і дарыць Яго; але каб рабіць гэта, мы павінны пазнаць Яго і мець унутры сябе, як Пана нашага жыцця. Ён нас абабоніць ад зла, д’ябла, які заўсёды сядзіць пад нашымі дзвярыма, пад нашым сэрцам, і хоча ўвайсці. З абноўленым запалам сыноўскай адданасці, даверымся яшчэ раз Марыі: яе салодкі вобраз маці Езуса і нашай маці будзем сузіраць у гэтыя дні ў яслях”.

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.