2016-01-02 14:19:00

Кардынал Мюлер пра галоўныя тэмы ў Касцёле


“Надзеяй чалавецтва з’яўляецца Езус Хрыстус, а не біржа ў Нью-Ёрку”, - нагадаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер у вялікім інтэрв’ю нямецкаму выданню “Die Zeit”. 

Паводле слоў прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, “абнаўленне” Рымскай курыі не з’яўляецца “праграмай выключна аднаго Папы”. Курыя, гэта “дапаможная прылада ў кіраванні Касцёлам. Яна не з’яўляецца цэнтрам Касцёла. Цэнтрам Касцёла з’яўляецца тое месца, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, нават, калі гэта сціплая хаціна ў джунглях”, - сказаў ён. 

Іерарх перакананы, што празмерная ўвага СМІ да Курыі, а не да Евангелля, з’яўляецца “пацвярджэннем таго, што неабходна змена перспектывы”. “Супрацоўнікі Рымскай курыі павінны быць напоўнены духам Пятра і служыць яму ў асобе Папы. Толькі той, хто нягледзячы на свае слабасці можа сказаць Езусу, разам з Пятром: “Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”, можа быць на баку яго наступніка – Папы, з парадамі і меркаваннямі”, - сказаў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.

Пурпурат высока ацаніў клопат Папы аб бедных і нагадаў, што перыферыя, у тэалагічным сэнсе, з’яўляецца не ўзбочынай, а цэнтрам.

Кардынал Мюлер назваў безпадстаўнымі абвінавачванні ў фінансавай неўпарадкаванасці Кангрэгацыі Веравучэння. “Я быў прызначаны прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння не для таго, каб займацца такой другаснай тэмай, як так званыя фінансы Ватыкана”, - дадаў ён.

Нямецкі іерарх таксама абверг абвінавачванні ў “кансерватызме”. Ён прызнаўся, што сябруе з адным з “бацькоў” тэалогіі вызвалення, айцом Густава Гуцьерэсам. Паводле кардынала Мюлера, сёння “мы больш не жывем у час канфесіяналізму, але экумены”.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння нагадаў, што “папа Францішак мае стыль прапаведвання і пастырства, які пераконвае мільёны людзей”. “Але я шмат разоў падкрэсліваў, што ўсе яго заявы і жэсты павінны інтэрпрэтавацца ў рамках каталіцкага “Credo”. Веравучэнне не з’яўляецца тэорыяй, створанай людзьмі”, - сказаў ён. Пурпурат назваў беспадстаўнымі і памылковымі ўсе абвінавачванні ў неадпаведнасці слоў Францішка каталіцкаму навучанню з боку некаторых каталіцкіх асяродкаў.

Каментуючы сітуацыю з ісламскім тэрарызмам, кардынал Мюлер выказаў пажаданне, каб гэты феномен быў больш рашуча асуджаны мусульманскімі палітычнымі і рэлігійнымі лідэрамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.