2015-12-31 15:05:00

Папа: спеў выхоўвае душу і добра ўплывае на яе


Францішак спаткаўся 31 снежня 2015 г. у Ватыкане з 6 тыс. маладых харыстаў з усяго свету. Яны ўдзельнічаюць у Міжнародным кангрэсе “Pueri Cantores”, які праходзіць у Рыме. Папа запрасіў іх больш маліцца і выказаў сваё захапленне іх вакальным майстэрствам.

Спатканне прайшло ў фармаце дыялогу. Пантыфік адказаў на пытанні, якія хвалююць юнакоў і дзяўчат. Яны дытычылі веры, бясконцай барацьбы паміж дабром і злом, сэнсу пакут чалавека. Францішак падкрэсліў, што часта за мазаікай войнаў, голаду і несправядлівасці не бачна дабра, але яно існуе і трэба яго заўважаць і бараніць. Ён заклікаў моладзь рабіць дабро, каб яно было бачна. Мяжой, за якой заканчваецца дабро, Святы Айцец лічыць гнеў. Менавіта ён “забруджвае душу”.

Папа прызнаўся, што да спеву ў яго ніколі не было адмысловых зольнасцяў, але яго заўсёды захапляла музыка. Францішак узгадаў, як яго мама кожную суботу пасля абеду садзіла іх, дзяцей, ля радыёпрыёмніка, каб слухаць оперу. “Мне вельмі падабаюцца музыка і спевы. (...) І я скажу вам адну рэч: спеў выхоўвае душу і добра ўплывае на яе”, - заключыў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.