2015-12-31 11:58:00

Вынікі года падвялі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі


Пасвячэнне біскупа, візіт высокага госця, уступленне ў Год Міласэрнасці: адыходзячы 2015 год для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі быў багатым на падзеі – радасныя, узвышаныя, з адбіткам суму. У душпастырскай праграме гэты год быў Годам навяртання, нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кантрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Мы рыхтуемся да юбілею Фацімскіх аб’яўленняў, які будзем адзначаць у 2017 г. Калі мінулы год быў Годам малітвы, то 2015 г. быў Годам навяртання, а наступны будзе Годам надзеі. І  ўся наша праграмма канцэнтравалася на навяртанні чалавека і так шчасліва сталася, што папа Францішак аб’явіў Год Міласэрнасці – гэта таксама навяртанне. Гэта дае нам магчымасць змяніць наша жыццё і навярнуцца да Бога”, - сказаў іерарх.

Адной з самых важных падзей у 2015 г. быў візіт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы, кардынала Пьетра Параліна, які сустрэўся з дзяржаўнымі ўладамі, вернікамі і застаўся вельмі ўражаны краінай, верай і адданасцю шматлікіх беларусаў Богу. 

У адыходзячым годзе беларускі епіскапат таксама папоўніўся восьмым іерархам: пасвячэнне новапрызначаннага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага адбылося ў чэрвені. 

Падзяку за садзейнічанне павелічэнню колькасці біскупаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не раз выказваў цяпер ужо былому Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, які менавіта напрыканцы года завяршыў сваю дыпламатычную місію ў краіне і адправіўся ва Украіну. 

Цэнтральным і знакавым таксама быў Сінод Біскупаў па пытаннях сям’і, які прайшоў у Ватыкане і стаў вызначальным для ўсіх мясцовых Касцёлаў у душпастырскай працы з сужонкамі, моладдзю, дзецьмі. Удзел у асамблеі прыняў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як прадстаўнік беларускага епіскапату. “Мы ведаем, што сям’я знаходзіцца ў вялікім крызісе, не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Ведаючы, што сям’я – падмурак грамадства, трэба клапаціцца аб ёй, ратаваць яе. Бо калі падмурак слабы, будынак разваліцца. І страшна падумаць, што гэты будынак нашага грамадства і свету можа быць слабы. І мы бачым, колькі ў свеце праблем у гэтых пытаннях”, - адзначыў Мітрапаліт.          

Напэўна, былі і традыцыйныя Будслаўскія ўрачыстасці, і пілігрымкі, і сустрэчы. Усіх падзей не пералічыць, але ў любым выпадку – 2015 год стаў новым этапам для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, плёны якога, відавочна, паспрыялі яго духоўнаму ўзмацненню і развіццю.








All the contents on this site are copyrighted ©.