2015-12-30 15:59:00

Сінод Біскупаў стаў прэлюдыяй Году Міласэрнасці


Вынікі двух гадоў разважанняў, прысвечаных сям’і падвёў кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сінода Біскупаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano”. Ён лічыць, што для біскупскай асамблеі гэта быў асаблівы час, распачацце іншага шляху, “часткова адрознага ад мінулага”. Сёння Сінод Біскупаў стаў “арганізмам, які мае вялікае значэнне для жыцця Касцёла, і, у той жа час, патрабуе перагляду”.

Іерарх узгадаў змену метадалогіі працы Сіноду і заўважыў, што, на яго думку, гэта стала паспяховым рашэннем. Яшчэ адной навінкай стаў падзел працы асамблеі на тры этапы, што дазволіла асобна засяродзіцца над кожным пытаннем. Больш месца было прызначана на працу ў малых рабочых групах. У цэлым, гэта новая методыка дала больш прасторы Сінадальным Айцам для выказвання свайго меркавання.

Кардынал падкрэсліў сінадальны дух адзінства, які, нягледзячы на натуральныя адрозненні ў меркаваннях, дазволіў прыйсці да згоды і кансенсусу ў розных пытаннях. У гэтым істотна дапамог Папа, які нагадаў, што асамблея – гэта не парламент, а прастора, дзе трэба дазволіць Святому Духу дзейнічаць.

Вызначэннем тэмы наступнай асамблеі зоймецца ў красавіку новая Звычайная рада сакратарыята Сіноду Біскупаў. Тут будуць улічаны прапановы, прадстаўленыя Сінадальнымі Айцамі і біскупскімі канферэнцыямі. Будзе працягнута і праца па змене парадку правядзення Сінодаў.

Паводле кардынала Балдзісэры, “сінадальны шлях” стаў “прэлюдыяй” Юбілейнага Года Міласэрнасці, акцэнтуючы міласэрнасць, як асноўны стоўп, на якім будуецца жыццё сем’яў і іх душпастырства. Сям’я з’яўляецца асаблівым месцам практыкавання міласэрнасці: дзе сужонкі павінны валодаць мастацтвам узаемнага прабачэння, якое выходзіць за рамкі крыўды і правін.








All the contents on this site are copyrighted ©.