2015-12-30 12:14:00

Святы Айцец заклікаў жыць “духоўным дзяцінствам”


Папа Францішак заклікаў жыць “духоўным дзяцінствам”, сузіраючы пакору Бога, Які дзеля людзей стаў маленькім. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 30 снежня 2015 г. Пантыфік падзяліўся некаторымі думкамі на гэту тэму і заахвоціў да аддання хвалы Божаму Дзіцятку.

“Культ Дзіцятка Езуса вельмі распаўсюджаны. Многія святыя практыкавалі яго ў сваёй штодзённай малітве і жадалі будаваць жыццё па прыкладзе Дзіцятка Езуса. Я думаю асабліва пра св. Тэрэзу з Лізьё, якая, будучы кармелітанскай законніцай, насіла імя Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Святога Аблічча. Яна – якая з’яўляецца таксама Доктарам Касцёла – была здольнай жыць “духоўным дзяцінствам” і даваць сведчанне аб ім, што становіцца магчымым менавіта сузіраючы ў школе Панны Марыі пакору Бога, Які для нас стаў маленькім”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, той факт, што Бог пажадаў стаць Дзіцяткам, з’яўляецца асноватворным для нашай веры. “Гэта праўда, што Яго смерць на крыжы і Яго ўваскрасенне з’яўляюцца найбольшым выразам Яго збаўчай любові, аднак не будзем забывацца, што ўсё Яго зямное жыццё з’яўляецца аб’яўленнем і навучаннем”, - сказаў Папа.

“Каб расці ў веры, мы маем патрэбу ў тым, каб часцей сузіраць Дзіцятка Езуса. Канешне, мы нічога не ведаем пра гэты перыяд Яго жыцця. Рэдкія ўзгадкі, якія маем, тычацца надання Яму імя праз восем дзён пасля нараджэння і ахвяравання ў святыні. Затым быў візіт мудрацоў, а пасля гэтага ўцёкі ў Егіпет. Затым, вялікі скачок аж да дванаццатага году жыцця, калі Ён з Марыяй і Юзафам адправіўся ў пілігрымку ў Ерузалем, на свята Пасхі, і замест таго, каб вярнуцца са сваімі бацькамі, застаўся ў святыні, каб размаўляць з настаўнікамі закона”, - нагадаў Пантыфік.   

Паводле Францішка, з гэтых сціплых дадзеных пра дзяцінства Езуса вядома няшмат, але “мы можам многаму навучыцца ад Яго, калі паглядзім на жыццё дзяцей”.

У першую чаргу, Пантыфік нагадаў, што дзеці заўсёды жадаюць увагі і абароны з боку дарослых і таму хочуць знаходіцца ў цэнтры ўвагі. Гэтага, паводле слоў Папы, прагне таксама і Дзіцятка Езус. Трэба “паставіць у цэнтр нашага жыцця Езуса і ведаць, нават калі гэта можа здавацца парадаксальным, што маем адказнасць за тое, каб бараніць Яго”, сказаў ён. 

Святы Айцец перакананы, што Дзіцятка Езус жадае быць на руках людзей, атуленым клопатам і маючым магчымасць глядзець ім у вочы. Папа заклікаў вернікаў быць здольнымі радаваць маленькага Хрыста, каб засведчыць Яму сваю любоў і радасць з той прычыны, што Ён знаходзіцца побач. 

“Нарэшце дзеці любяць гуляць. Пагуляць з дзіцяткам, аднак, азначае адмову ад нашай логікі, для таго, каб унікнуць у яго логіку. Калі мы хочам, каб Ён павесяліўся, трэба зразумець, што яму падабаецца. (...) Гэта ўрок для нас. Перад Езусам мы закліканы пакінуць нашу прэтэнзію на аўтаномію, каб прыняць сапраўдную форму свабоды, якая заключаецца ў веданні таго, Хто знаходзіцца перад намі, і служэнні Яму. Ён – Сын Божы, Які прыходзіць, каб збавіць нас. Ён прыйшоў да нас, каб паказаць нам аблічча Айца, багатага любоўю і міласэрнасцю. Прытулім Дзіцятка Езуса на нашых руках, пачнем служыць Яму: Ён – гэта крыніца любові і спакою”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак параіў вернікам, пасля вяртання дамоў, падысці да ясляў, пацалаваць фігурку Дзіцятка Езуса і сказаць Яму: “Езус, мы хочам быць пакорнымі, як Ты, пакорнымі, як Бог”, і папрасіць аб гэтай ласцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.