2015-12-25 11:14:00

Папа ў ноч Божага Нараджэння: дазволім прамаўляць Дзіцятку


“Сёння Сын Божы нарадзіўся: усё змяняецца. Збаўца надыходзіць, прыняўшы нашу чалавечую прыроду, мы ўжо не самі і не пакінуты”, - нагадаў папа Францішак у сваёй гаміліі, падчас св. Імшы ў ноч Божага Нараджэння, якую цэлебраваў вечарам 24 снежня 2015 г. у ватыканскай базыліцы.

У сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што Панна Марыя дае нам свайго Сына, як пачатак новага жыцця. “Сапраўднае святло надыходзіць, каб асвясціць наша існаванне, часта абмежаванае прасторай граху. Сёння нам зноў дадзена пазнаць, кім мы з’яўляемся”, - сказаў Папа. Ён заклікаў вернікаў не заставацца абыякавымі, але асэнсаваць сваё жыццё: “Мы не можам заставацца інертнымі. Нам не належыць быць нерухомымі. Мы павінны пайсці і паглядзець на нашага Збаўцу, пакладзенага ў яслі”. 

Папа даў вернікам каштоўную духоўную параду: “Калі мы чуем аб нараджэнні Хрыста, давайце змоўкнем і дазволім прамаўляць гэтаму Дзіцятку; (...) возьмем Яго на рукі і дазволім Яму абняць нас, Ён прынясе нам сардэчны супакой, якому ніколі не будзе канца”.

“У грамадстве часта ап’янённым спажывецтвам і задавальненнямі, багаццем і раскошай, дзе перамагае самалюбаванне і імкненне падавацца, а не быць, Хрыстус заклікае нас да сціплага ладу жыцця, гэтага значыць простага, ураўнаважанага, правільнага, пры якім мы маглі б дакладна разумець , што для нас з’яўляецца істотным, і жыць гэтым”, - параіў Пантыфік.

У духу тэматыкі Юбілейнага Году, Папа падкрэсліў, што ў свеце, які часта бывае занадта строгім з грэшнікам, але мягкім з грахом, неабходна развіваць моцнае пачуцце справядлівасці, шукаць Божую волю і спаўняць яе.

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак заклікаў хрысціян да міласэрнасці, заснаванай на малітве. “Ва ўмовах культуры абыякавасці, якая нярэдка становіцца лютасцю, наш лад жыцця павінен быць напоўнены любоўю, суперажываннем, спагадай, міласэрнасцю, якія штодзённа здыбываюцца з невычэрпнага скарбу малітвы”, - заўважыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.