2015-12-24 12:02:00

Падрабязнасці св. Імшы у ноч Божага Нараджэння ў Ватыкане


24 снежня 2015 г., у 21.30 па рымскім часе, папа Францішак узначаліць св. Імшу ў ноч Божага Нараджэння. Яна адбудзецца ў ватыканскай базыліцы пры ўдзеле шматлікіх кардыналаў, біскупаў і арцыбіскупаў, святароў, законнікаў і вернікаў з усіх частак свету. Для Францішка гэта будзе трэццяе Божае Нараджэнне, праведзенае ў Ватыкане на пасадзе Наступніка св. Пятра.

Літургія пачнецца са спеву “Kalenda”, якім абвяшчаецца Божае Нараджэнне, пасля чаго Пантыфік здыме белую тканіну з фігуркі Дзіцятка Езуса, размешчанай у яслях, устаноўленых на сімвалічным троне, у цэнтры базылікі. Пасля яе акаджэння кадзілам, трон будзе ўпрыгожаны кветкамі, якія прынясуць дзеці, апранутыя ў традыцыйныя строі: італьянскі, бельгійскі, кенійскі, цэнральнаафрыканскі, філіпінскі, шры-ланкскі, кубінскі, мексіканскі і амерыканскі.

Побач з фігуркай Дзіцятка Езуса, пасля спявання літургічнага евангельскага тэксту, будзе размешчана Евангелле, каб падкрэсліць значэнне вялікай падзеі ночы Божага Нараджэння: уцелаўлення Слова Божага.

Сімвалічны трон, на які будзе пастаўлены евангеліарый, выкарыстоўваўся падчас Першага і Другога Ватыканскіх Сабораў, для выстаўлення кнігі Святога Пісання. Выданне евангеліарыя, якое будзе ўжывацца падчас літургіі, з’яўляецца факсімільнай рэпрадукцыяй “Папскага імшала на Божае Нараджэнне”, выдадзенага падчас пантыфікату Аляксандра VI, які захоўваецца ў Ватыканскай Апостальскай Бібліятэцы.

Дары, падчас св. Імшы, будуць несці дзве сям’і. На заканчэнне эўхарыстычнай цэлебрацыі Святы Айцец возьме на рукі фігурку Дзіцятка Езуса і аднясе яе ў яслі, у суправаджэнні працэсіі. Фігуркі ў яслях, якія ўстаноўлены ў базыліцы св. Пятра, былі выраблены нямецкім скульптарам Генрыхам Цунтарам і падараваны Яну Паўлу ІІ у 1985 і 1986 гадах.








All the contents on this site are copyrighted ©.