2015-12-24 12:44:00

Кіраўнік Залы Друку падвёў вынікі году


Кс. Фэдэрыка Ламбардзі падвёў вынікі пантыфікату папы Францішка ў 2015 г. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, у інтэрв’ю італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву “ADM Kronos”, адзначыў глабальнае вымярэнне дзейнасці Святога Айца. У першую чаргу, яго адлюстроўваюць замежныя падарожжы Папы, яго выступленні ў ААН, звароты да палітыкаў і сустрэчы з “народнымі рухамі”. Падчас іх было пацверджана, што позірк Францішка скіраваны не да цэнтраў, а перыферый. На працягу года, які падыходзіць да завяршэння, Францішак наведаў усе часткі свету, за выключэннем Аўстраліі, дадаў ён.

Гаворачы пра смуткі і трывогі Святога Айца, кіраўнік Залы Друку ўзгадаў пра беспрацоўе сярод моладзі, тэракты, “фрагментарную сусветную вайну”. Ён падкрэсліў клопат Папы пра бедных, мір і стварэнне.

Кс. Ламбардзі ўзгадаў пра вялікую колькасць пытанняў, узнятых Пантыфікам падчас візіту ў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку. Папа казаў пра кліматычныя змены, барацьбу супраць грамадскага і эканамічнага адчужэння, звяртаўся да прадстаўнікоў улады з заклікам забяспечыць кожнаму чалавеку фундаментальнае права на працу, зямлю і дах над галавой. У Кангрэсе ЗША ён заклікаў да адмены смяротнага пакарання і спынення гандлю зброяй.

Падчас лістападаўскага падарожжа ў Афрыку, апярэджваючы афіцыйнае адкрыццё Году Міласэрнасці, Папа адчыніў Святы Дзверы ў катэдарльным касцёле цэнтральнаафрыканскай сталіцы, Бангі. Паводле кс. Ламбардзі, гэты сімвалічны жэст прынёс шмат радасці, як і супольная паездка Францішка і мясцовага імама на “папа-мабіле”, пасля наведвання мячэці.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра вырашальную ролю, якую Пантыфік адыграў у аднаўленні дыпламатычных адносін паміж Кубай і ЗША, пра “галабальны адказ” Папы на экалагічны крызіс, у выглядзе энцыклікі “Laudato si’”.








All the contents on this site are copyrighted ©.