2015-12-23 14:43:00

Пантыфік стаў лаўрэатам прэміі імя Карла Вялікага


Папа Францішак стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага, якая штогадова ўручаецца нямецкім горадам Ахен за ўклад у аб’яднанне Еўропы і абарону еўрапейскіх каштоўнасцяў. Папа скіроўвае пасланне надзеі і падтрымкі ў крызісны момант, калі на другі план былі адсунуты ўсе набыткі працэсу інтэграцыі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні з нагоды прысуджэння ўзнагароды. Журы прэміі адзначыла Святога Айца за “цудоўныя пасланні і знакі, якія нясе яго пантыфікат на карысць міру і паразумення, спачування і талерантнасці, салідарнасці і абароны стварэння”. Папа з’яўляецца “голасам сумлення”, які ставіць у цэнтр чалавека, а таксама “надзвычайным маральным аўтарытэтам”.

Уручэнне ўзнагароды адбудзецца ў 2016 г. у Рыме. Канкрэтная дата гэта падзеі яшчэ не абвешчана. Традыцыйна цырымонія праходзіць у гарадской ратушы Ахена, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана.

Журы прэміі асаблівым чынам адзначыла “гістарычную прамову” Францішка ў Еўрапейскім парламенце, у лістападзе 2014 г., у якой ён заклікаў палітыкаў абапірацца на ідэалы заснавальнікаў Еўрасаюза і рабіць свой унёсак, каб не змарнаваць вялікага патэнцыялу, які мае ў сабе еўрапейская ідэя.

Прысуджэнне Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага з’яўляецца важнай палітычнай падзеяй у Германіі. Яна ўручаецца з 1950 г. Раней яе лаўрэатамі станавіліся: канцлеры Германіі Конрад Адэнаўэр (1954), Гельмут Коль і Прэзідэнт Францыі Франсуа Мітэран (1988), заснавальнік супольнасці “Taize” брат Ражэ (1989), Ангела Меркель (2008), Прэзідэнт Чэхаславакіі Вацлаў Гавел (1991), польскі міністр замежных спраў Браніслаў Герэмек (1998), прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр (1999), Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан (2000), французскі палітык Валеры Жыскар д'Эстэн (2003), прэм’ер-міністр Люксембурга Жан-Клод Юнкер (2006). У 2010 г. лаўрэатам прэміі стаў заснавальнік экуменічнай “Супольнасці св. Ігідзія” Андрэа Рыкардзі, у 2014г.  – старшыня Савета Еўропы Герман ван Ромпей, а ў 2015 г. – старшыня Еўрапейскага Парламенту Марцін Шульц.

У 2004 г. прэмія была прысуджана адразу двум асобам: “за ўклад у аб’яданне нашага кантынента” яе атрымаў Ян Павел ІІ, а другім лаўрэатам стаў тагачасны старшыня Еўрапарламенту Пэт Кокс.








All the contents on this site are copyrighted ©.